Лета – не толькі самы любімы сезон у школьнікаў, але і тры змены паўнацэннага адпачынку і аздараўлення дзяцей.
Першая з іх ужо стартавала на Дзятлаўшчыне. Для 23 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 8 да 14 гадоў свае дзверы гасцінна адчыніў летнік “Вектар”, які традыцыйна ў час летніх канікулаў працуе на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Змена ў ім пачалася 1 і прадоўжыцца да 26 чэрвеня, а сёння адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.
У актавую залу да юных адпачывальнікаў “Вектара” завітаў Лесавік Аляксей, ролю якога майстарскі выканала педагог-арганізатар цэнтра Ірына Мішчанка. Казачны герой паклікаў школьнікаў у займальнае падарожжа па краіне Летняга адпачынку, дзе іх чакае шмат цікавых адкрыццяў, займальных заняткаў і новых сяброў.
Прысутных павітала дырэктар летніка Іна Дзедава і пажадала назапасіць як мага больш здароўя, добрага настрою, станоўчых эмоцый і карысных ведаў.
Паколькі сёлета ў “Вектар” прыйшло шмат новых дзяцей, пасля кароткай “хвілінкі бадзёрасці” з адгадваннем загадак педагогі запрасілі іх уключыцца ў сумесныя справы, каб цясней пасябраваць. Разам паўдзельнічалі ў віктарыне на кемлівасць, згулялі ў вясёлыя гульні, паразважалі, чаму летнік называецца “аздараўленчым”, выканалі творчыя заданні чароўнай кветкі і нават здалі “экзамен на выдумку”.
Падводзячы вынікі свята, педагогі пажадалі дзецям быць такімі ж актыўнымі і крэатыўнымі на працягу ўсёй змены, каб не толькі атрымаць зарад бадзёрасці, але і “сабраць” важкі багаж добрых успамінаў.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga