Пры парафіі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве адкрыўся салезіянскі араторый імя благаславёных мучанікаў з Познані. Яго асвячэнне адбылося 11 кастрычніка.

Удзел у святой імшы ў гонар адкрыцця араторыя ўзяў настаяцель супольнасці салезіянаў у Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч. Звяртаючыся да вернікаў, ён адзначыў:

—  Араторый — гэта і сям’я, і школа, і падворак для моладзі. Гэта выхаваўчае асяроддзе, дзе кожны  прадстаўнік моладзі можа знайсці прытулак і разуменне. Мэта араторыя — выхаваць сумленнага хрысціяніна і добрага грамадзяніна, духоўна ўзбагаціць яго, закласці ў ім той духоўны стрыжань, які дазволіць супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям.

Адкрываючы араторый у імя пяці благаславёных мучанікаў з Познані, мы бяром вялікую адказнасць. Паколькі імя даецца не толькі дзеля прыгажосці, гэта яшчэ і пэўная праграма.

Мучанікі з Познані з’яўляюцца прыкладам мужнасці, вернасці Хрысту, адданасці Касцёлу. Яны былі звычайнымі хлопцамі, якія прынялі мучаніцкую смерць у засценках нямецкага канцлагера ў жніўні 1942 года. Прынялі смерць са спакойным сэрцам, што бачна ў тых лістах, якія яны пісалі незадоўга да смерці. Такім чынам, постаці гэтых маладых людзей з’яўляюцца прыкладам стойкасці духу, веры, сапраўднай адданасці Хрысту.

Ад імя раённай улады з адкрыццём салезіянскага араторыя ў Дзятлаве каталіцкіх вернікаў павіншаваў кіраўнік справамі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч.

— Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, моладзь — гэта наша надзея, наша будучыня. І мы абавязаны рабіць усё для таго, каб дзеці раслі здаровымі, паўнацэннымі людзьмі, якія і самі будуць шчаслівыя, і прынясуць карысць нашаму грамадству, нашай роднай Беларусі.

Для таго, каб не дапусціць разбурэння асобы моладзі, неабходна яе ўводзіць у духоўны свет і на падставе духоўных традыцый нашага беларускага народа выхоўваць маральнасць і патрыятызм.

У нашых дзяцей ёсць магчымасць гарманічна дапоўніць свецкую адукацыю хрысціянскім выхаваннем. Такое ўзаемадзеянне садзейнічае развіццю эфектыўнага супрацоўніцтва святароў, школы, сям’і ў выхаванні маральна ўстойлівай, духоўна развітай асобы, якая можа ўсведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны і свайго народа, — адзначыў ён у сваёй прамове.

Ксёндз Здзіслаў Пікула, настаяцель касцёла Успення Дзевы Марыі ў Дзятлаве, падзякаваў усім вернікам, святарам, якія сабраліся на ўрачыстую падзею адкрыцця араторыя.

У час святой імшы таксама была свечана фігура святога Яна Боска — духоўнага апекуна моладзі.

Ужо ў  час канцэртнай праграмы, якая прайшла ў гімназіі №1 горада Дзятлава, прагучаў гімн новага араторыя. Яго выканалі маладыя вернікі.Таксама яны прапанавалі паўдзельнічаць у танцавальным флэш-мобе, у гульнях. Музычныя спевы выканала група “Небасхіл”.

Даведка:

слова “араторый” мае  лацінскае паходжанне. Перакладаецца як “дом малітвы”. Больш сучаснае значэнне слова — “дом гасціннасці”. Заснавальнікам першага салезіянскага араторыя з’яўляецца святы Ян Боска. Дарэчы, у наступным годзе адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння гэтага святога, служэнне якога ўключыла работу з беднымі дзецьмі, а таксама падлеткамі, якіх на сучаснай мове можна назваць “цяжкімі”.

А. ДУБРОЎСКАЯ

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации