Пытанні абгрунтаванасці і эфектыўнасці выкарыстання фінансавых сродкаў, накіраваных на рэалізацыю мерапрыемстваў Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны ў 2010 — 2015 гадах, разгледжаны на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці

Нягледзячы на тое, што дзяржавай за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэту толькі на кампенсацыю працэнтаў па выдадзеных на будаўніцтва і рэканструкцыю малочнатаварных фермаў крэдытаў і кампенсацыю стратаў банкаў Рэспублікі Беларусь з прычыны выдачы льготных крэдытаў накіравана ў 2013 — 2014 гадах 1,9 трыльёна рублёў, параметры па вытворчасці і рэалізацыі малака, закладзеныя ў Рэспубліканскай праграме развіцця малочнай галіны ў 2010 — 2015 гадах, выкананы адпаведна толькі на 80,3 і 80 працэнтаў.

У Гродзенскай вобласці ў 2014 годзе атрымана 1080,6 тысячы тон малака, што на 5,3 працэнта больш, чым у 2013 годзе. Разам з тым, не выканалі планы рэалізацыі малака Дзятлаўскі (95,5 працэнта), Іўеўскі (97,9 працэнта), Карэліцкі (98,9 працэнта), Лідскі (94,5 працэнта), Мастоўскі (96,8 працэнта), Ашмянскі (96,5 працэнта), Слонімскі (86,4 працэнта) і Смаргонскім (98,8 працэнта) раёны.

Сярэдні надой малака ад каровы ў вобласці павялічыўся на 6 кілаграмаў і склаў за 2014 год 5148 кілаграмаў. Пры гэтым 8 раёнаў з 17 (47 працэнтаў) у мінулым годзе зменшылі названы паказчык. Найбольшае зніжэнне адзначана ў Слонімскім (-621 кілаграм), Лідскім (-201 кілаграм), Смаргонскім (-195 кілаграмаў), Мастоўскім (-175 кілаграмаў) і Ашмянскім (-121 кілаграм) раёнах.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема з камплектацыяй пабудаваных і рэканструяваных фермаў. Так, на 1 студзеня 2015 года не ўкамплектаваны малочнатаварныя фермы, пабудаваныя ў 2012 годзе, у СВК “Караліна” (МТФ “Івашковічы”) Зэльвенскага раёна — 70,3 працэнта, УСП “Саўгас “Вердамічы” (МТФ  “Дабраволя”) Свіслацкага раёна — 92 працэнты.

Адной з прычын невыканання даведзеных Праграмай паказчыкаў з’яўляецца нізкая эфектыўнасць работы часткі пабудаваных і рэканструяваных малочнатаварных фермаў. Толькі на 2 з 17 МТФ, пабудаваных  паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2008 года № 332 “Аб будаўніцтве малочнатаварных фермаў”, забяспечаны прадугледжаны праектамі надой у памеры 7000 кілаграмаў за год.

З 57 малочнатаварных фермаў, пабудаваных у 2010 — 2012 гадах у рамках Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны ў 2010 — 2015 гадах і ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2008 года № 332, на 17 (30 працэнтаў) сярэдні надой ад каровы за 2014 год ніжэйшы, чым у сярэднім па раёнах.

Значна горшая сітуацыя на рэканструяваных малочнатаварных фермах. Так, са 108 уведзеных у эксплуатацыю пускавымі комплексамі і ў поўным аб’ёме малочнатаварных фермаў сярэдні надой за 2014 год на 58 (54 працэнты) ніжэйшы, чым у сярэднім па раёнах. Аналагічная сітуацыя адзначаецца і ў бягучым годзе.

Асноўнай прычынай не забеспячэння запатрабаванай прадуктыўнасці дойнага статку з’явілася недасканаласць кармавой базы галіны і незахаванне тэхналагічных рэжымаў вытворчасці кармоў і, як паследак, дэфіцыт кармоў запатрабаванай структуры і якасці, недастатковасць і незбалансаванасць рацыёнаў.

У асобных раёнах стрымліваецца рост прадуктыўнасці кароў па прычыне недагляду ва ўзнаўленні статку. У 2014 годзе менш леташняга атрымана цялят у Дзятлаўскім і Мастоўскім раёнах — на 541 і 335 галоваў адпаведна. Акрамя таго, у студзені — сакавіку 2015 года менш за аналагічны ўзровень 2014 года атрымана прыплоду цялятаў у Дзятлаўскім, Ашмянскім, Іўеўскім і Слонімскім раёнах.

Выяўлены шматлікія факты неэфектыўнага выкарыстання наяўнага абсталявання. Так, у СКУП “Волпа” Ваўкавыскага раёна з верасня 2013 года не выкарыстоўваецца даільная ўстаноўка ААТ “Гомельагракамплект” коштам 1,7 мільярда рублёў. На шэрагу фермаў не выкарыстоўваюцца залы раздою з устаноўленым абсталяваннем (МТФ “Хадзяўляны” СВК “Русь-Агра” і МТК “Вензавец” СВК “Вензавец” Дзятлаўскага раёна, МТК “Поразаўскі” УСП “Поразава” Свіслацкага раёна).

Не працуюць селекцыйныя вароты на МТК “Васёўцы” СВК “Прымежны” Ашмянскага раёна, МТК “Ліпнішкі” СВК “Агра-Ліпнішкі” Іўеўскага раёна, МТК “Васявічы” СВК “Дварэц-Агра” і МТФ “Хадзяўляны” СВК “Русь-Агра” Дзятлаўскага раёна, МТФ “Радавошча” СРДУП “Свіцязь” Навагрудскага раёна. Часткова спраўнае вышэйназванае абсталяванне на МТФ “Дунічы” СВК “Чарнелі” Іўеўскага раёна і МТК “Вензавец” СВК “Вензавец” Дзятлаўскага раёна.

У шэрагу сельгасарганізацый недагляды ў рабоце малочнай галіны спрабуюць схаваць за прыпіскамі прадукцыі. Так, у МРСУП “Мастаўчанка” Мастоўскага раёна на МТК “Мікялёўшчына-2” за студзень — верасень 2014 года прыпісалі 53,7 тоны малака, а цалкам па гаспадарцы — 145 тон. Аналагічны факт меў месца на МТФ “Занкі” ў ААТ “Акр-Агра” Свіслацкага раёна.

Нізкая эфектыўнасць работы малочнай галіны, невыкананне даведзеных Праграмай паказчыкаў па валавой вытворчасці і прадуктыўнасці, істотныя недагляды ў пытаннях кормавытворчасці, узнаўлення і тэхналогіі ўтрымання жывёлін прыводзяць да значнага росту запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый  перад арганізацыямі малочнай галіны па выдадзеных авансах.

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации