Напярэдадні Свята працы выхаванцы Гезгалаўскага дзіцячага сада сталі ўдзельнікамі адукацыйнага праекта «Праца жанчын нашага аграгарадка».

Знаёмства з жаночымі прафесіямі пачалося з экскурсіі ў аддзяленне «Белпошта» аграгарадка. Дзеці пашырылі ўяўленні аб прызначэнні паштовага аддзялення, даведаліся, дзе захоўваюцца і сартуюцца лісты і пасылкі, якім чынам яны даходзяць да адрасата, як можна аформіць падпіску на часопісы і газеты, адправіць або атрымаць грашовы перавод, аплаціць камунальныя паслугі. Начальнік аддзялення Святлана Понік адказала на шматлікія пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак. У ходзе гутаркі высветлілася, што ўсе супрацоўнікі пошты – жанчыны, якіх аб’ядноўваюць такія асабістыя якасці, як таварыскасць, адказнасць, добразычлівасць.

З прафесіяй доктара выхаванцы пазнаёміліся ў мясцовай амбулаторыі. Доктар агульнай практыкі Галіна Чахаўская патлумачыла, як працуе фанендаскоп, медыцынская сястра Людміла Урбановіч паказала працэдурны кабінет, дзе робяць уколы і прышчэпкі, але падкрэсліла, што гэта не страшна, а карысна, каб не хварэць. Многія дзеці вырашылі стаць у будучым медыцынскімі работнікамі, каб дапамагаць людзям быць здаровымі, як робяць гэта жанчыны-медыкі амбулаторыі.
Атрыманыя ўражанні ад экскурсій выхаванцы адлюстравалі ў сваіх малюнках «Кім я стану, калі вырасту».

Святочнае мерапрыемства «Мір!Праца!Май» паглыбіла веды дзяцей аб прафесіях прадаўца, повара, настаўніка.
Алена ЛУКІЯНЕЦ,
настаўнік-дэфектолаг
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga