Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці пры правядзенні кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па выкананні заканадаўства пры выплаце за кошт сродкаў дзяржаўнага прадпрыемства рознага роду прэмій, выяўляюцца факты скажэння суб’ектамі гаспадарання даных статыстычнай справаздачнасці, невыканання крытэрыяў і паказчыкаў, якія ўжываюцца для разліку сумы прэміравання, што прыводзіць да неабгрунтаваных выплат і, адпаведна, прычынення шкоды.

У ходзе праверак устаноўлена, што асобнымі арганізацыямі ў справаздачнасць аб выкананні мерапрыемстваў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў былі ўключаны тыя, якія фактычна не ўкараняліся або былі ў мінулых перыядах.

Да прыкладу, у якасці энергазберагальных мерапрыемстваў улічвалася пераабсталяванне бензінавых аўтамабіляў для работы на газападобным паліве, устаноўка на транспартныя сродкі абсталявання сістэм кантролю расходу паліва і іншыя пры фактычным іх невыкананні або выкананні ў мінулых, больш за дзесяць гадоў таму, перыядах. У выніку выкарыстання недакладных звестак аб выкананні даведзенага паказчыка “эканомія светлых нафтапрадуктаў” для вызначэння памеру прэміравання работнікам прадпрыемстваў залішне выплачана прэмія ў агульнай суме 37,3 тысячы рублёў.

Таксама ўстаноўлены выпадкі неабгрунтаванай выплаты прэміі работнікам дзяржаўнага прадпрыемства па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці пры фактычным невыкананні даведзенага паказчыка “рэнтабельнасць продажаў” па прычыне ўнясення ў статыстычную справаздачнасць недакладных даных аб сабекошце рэалізаванай прадукцыі (работ, паслуг), што пацягнула няправільны разлік названага паказчыка, адпаведна, неабгрунтаваную выплату прэміі і прычыненне шкоды прадпрыемству ў памеры 7,6 тысячы  рублёў.

Пытанне выканання заканадаўства пры ажыццяўленні выплат работнікам за кошт сродкаў дзяржаўнага прадпрыемства застаецца ў Камітэце на пастаянным кантролі.

Таццяна СЛАБЫШ,

намеснік старшыні КДК Гродзенскай вобласці

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации