Нягледзячы на тое, што аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына з-за эпідэміялагічнай сітуацыі цяпер працуе ў закрытым рэжыме, яго калектыў прадаўжае клапаціцца аб добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Насельнікам аддзялення заўсёды прыемна любавацца на прыгажосць, якая створана вакол.
Сёлета на дапамогу ў добраўпарадкаванні калектыву Казлоўшчынскага аддзялення на чале з загадчыцай Валянцінай Белай прыйшлі таксама спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” з загадчыцай Аленай Калюцік і аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей з загадчыцай Галінай Касцюк. Значную падтрымку аказваюць пажылыя грамадзяне – наведвальнікі аддзялення, якія працуюць дома.
Як расказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, сёлета праходзіць рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па добраўпарадкаванні, азеляненні і санітарным утрыманні тэрыторый, у якім Дзятлаўшчына прымае актыўны ўдзел. Заяўлены тры конкурсныя намінацыі: “Лепшая ўстанова па добраўпарадкаванні, азеляненні і санітарным утрыманні тэрыторый”, “Лепшая кветкава-дэкаратыўная кампазіцыя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання” і “Лепшае афармленне месца адпачынку”, таму фантазіі сацыяльных работнікаў ёсць дзе разгарнуцца.
Спецыялісты і валанцёры ўжо змайстравалі шмат прыгожых фігур з цэменту, драўніны, дапаможных матэрыялаў. Гэта і мудрыя совы, і гарэзлівыя кацяняты, а таксама белыя грыбы і мухаморы, яркія божыя кароўкі, вусені, аранжавыя прыгажуны-гарбузы і многае іншае. Усе сакрэты канкурсанты пакуль не раскрываюць, але абяцаюць, што будзе пасаджана нямала кветак, створаны кампазіцыі на клумбах і ў зонах адпачынку. Саджанцамі кветак згадзіліся падзяліцца кветкаводы-аматары Любоў Багаслаўчык, Ганна Жадзейка, Марыя Мілейка, Валянціна Яхімовіч, Ірына Варабей.
Творча ўключыўся ў работу наведвальнік аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Аляксандр Варабей. Амаль усе фігуркі з драўніны змайстраваў ён. Спецыялістам Цэнтра засталося толькі іх пафарбаваць.
Поўным ходам ідзе добраўпарадкаванне тэрыторый сацыяльных установаў раёна і фатаграфаванне тых дзівосаў, якія тут з’явіліся, бо на першым этапе конкурсу патрабуецца прадаставіць фотаматэрыялы на суд конкурснай камісіі. Пажадаем нашым спецыялістам творчых поспехаў.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup