Пасяўная кампанія ўпэўнена набліжаецца да свайго завяршэння.

Кожныя дзесяць дзён у раёне падводзяць прамежкавы вынік спаборніцтваў на вясновай сяўбе. Яны праходзяць па двух напрамках: падрыхтоўка глебы; сеў яравых, зерневых і зернабабовых культур.

Па выніках пасяўной кампаніі на гэтым тыдні адным з лепшых стаў працаўнік гаспадаркі ААТ “Граніт-Агра” Пётр Паршук. На трактары John Deere з сеялкай Gaspardo ён засеяў 450 гектараў.

З гэтай нагоды Пятра Пятровіча прыехаў павіншаваць і ўручыць падарунак старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён пажадаў механізатару далейшых працоўных поспехаў, бо галоўная работа яшчэ наперадзе – трэба вырасціць і сабраць багаты ўраджай.

Механізатар Пётр Паршук сваю справу выконвае якасна, з пачуццём вялікай адказнасці. Уладкаваўся ў гаспадарку ў 1985 годзе і з той пары ўжо 35 гадоў працуе на зямлі. За гэты час дасканала асвоіў шмат тэхнікі, набыў дастатковы вопыт працы на палях.

Уладзімір Казак адзначыў, што гранітаўцы адны з першых завяршылі пасяўную і прыйшлі на дапамогу КСУП “Слава працы”. Для таго, каб укласціся ў запланаваныя тэрміны, працаваць павінна зладжаная каманда сапраўдных прафесіяналаў.

Дарэчы, з 25 сакавіка па 25 красавіка на Дзятлаўшчыне праходзіць месячнік па ахове працы. Упраўленне сельскай гаспадаркі сумесна з прадстаўнікамі прафсаюза работнікаў АПК у час вяснова-палявых работ праводзяць кантроль за станам аховы працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму на сельгаспрадпрыемствах раёна.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Предыдущая новость

Похожие публикации