Сацыяльна небяспечным лічыцца становішча дзіцяці ў сям’і, калі дзіця жыве ў неспрыяльнай абстаноўцы: не задавальняюцца яго асноўныя жыццёвыя патрэбы, не забяспечваецца нагляд за яго паводзінамі, бацькі вядуць амаральны лад жыцця.

Для выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выпрацавана пэўная сістэма, ёсць дакладныя крытэрыі, вызначаныя заканадаўствам. З 2019 года парадак прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы ажыццяўляецца паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 “Аб прызнанні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы”, згодна з якой вызначаны наступныя крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча:

Крытэрый 1: “Бацькі не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці (дзяцей)”.

Паказчыкамі сацыяльна небяспечнага становішча па гэтым крытэрыі могуць з’яўляцца ўстаноўленыя факты, пры якіх:

– бацькі дапускаюць выпадкі, калі дзеці застаюцца без ежы;

– бацькі дапускаюць сістэматычную адсутнасць ежы для дзіцяці (ранняга ўзросту, дашкольнага ўзросту, школьнага ўзросту), якая адпавядае фізіялагічным патрэбам дзіцячага арганізма, чым наносяць шкоду здароўю дзіцяці адпаведнага ўзросту;

– бацькі дапускаюць пражыванне дзіцяці ў жылых памяшканнях, дзе печы, цеплагенерыруючыя агрэгаты, газавае абсталяванне, электрычныя сеткі, электрапрыборы не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў або эксплуатацыйнай дакументацыі на іх, не працуюць ці дэманціраваны прылады аўтаматычнага апавяшчэння пра пажар, гаспадарчыя пабудовы і прыдамавая тэрыторыя не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі, выяўлены ўмовы, якія ствараюць пагрозу ўзнікнення пажару;

– бацькі сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лячэнні і (або) медыцынскай рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю і (або) здароўю;

– бацькі перашкаджаюць дзіцяці атрымліваць абавязковую агульную базавую адукацыію (у любой форме яе атрымання).

Крытэрый 2: “Бацькі не забяспечваюць нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з-за чаго дзіця ўчыняе дзеяннi, якiя ўтрымлiваюць прыкметы адмiнiстрацыйнага правапарушэння або злачынства”.

У такім выпадку паказчыкамі сацыяльна небяспечнага становішча з’яўляюцца наступныя факты:

– неаднаразова на працягу года ўстаноўлены факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей) бацькоў дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў;

– у дачыненні да бацькоў дзіцяці, старэйшага за 14 гадоў, у рамках адміністрацыйнага ці крымінальнага працэсаў устаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што яны не кантралююць яго паводзіны і месцазнаходжанне, з-за чаго дзіця прыцягнута да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.

Крытэрый 3: “Бацькі вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця (дзяцей), злоўжываюць сваімі правамі і (або) жорстка абыходзяцца з дзіцём (дзецьмі), у сувязі з чым ёсць небяспека для жыцця і (або) здароўя дзіцяці (дзяцей)”.

Паказчыкамі сацыяльна небяспечнага становішча па гэтым крытэрыі з’яўляюцца наступныя:

– устаноўлены факты прыцягнення бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 9.1, 17.1, часткай 3 артыкула 17.3, артыкуламі 17.4, 17.5, 17.8 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях;

– устаноўлены факты жорсткага абыходжання бацькоў з дзіцём, фізічнага і (або) псіхалагічнага гвалту ў адносінах да яго;

– устаноўлены факты ўжывання бацькамі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, ужывання імі алкагольных напояў, з-за чаго да іх выкарыстоўваліся меры прафілактычнага ўздзеяння.

Бацькам варта ведаць, што мерамі прафілактычнага ўздзеяння могуць з’яўляцца: прафілактычны ўлік, афіцыйнае папярэджанне, прафілактычная размова, ахоўнае прадпісанне, іншыя меры, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.

Наяўнасць пералічаных паказчыкаў сямейнага недабрабыту можа стаць падставай для прызнання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У сувязі з гэтым бацькі павінны памятаць, што ім адводзіцца першачарговая роля ў выхаванні дзяцей, стварэнні для іх бяспечных і камфортных умоваў жыцця і атмасферы, напоўненай клопатам і любоўю. І толькі ад бацькоў залежыць, ці будзе іх дзіця аднесена да катэгорыі “ў сацыяльна небяспечным становішчы”.

Вольга ЛАМАКА,
загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации