Падзеі
1 min read
1352

Гісторыя дзвюх вёсак

28 декабря, 2015
0
Гісторыя дзвюх вёсак

Валоўнікі і Гернікі — вёскі-суседкі. Яднае іх невялікая адлегласць, этымалогія назваў. Абедзве маюць балцкае паходжанне. Яднае і лёс, які выпаў на долю гэтых вёсак: з некалі шматлюдных і шматгалосых яны ператварыліся ў амаль пустыя населеныя пункты. У Валоўніках сёння  жывуць толькі тры жанчыны( яшчэ адна жанчына і яе сын — на бліжэйшым хутары),  у Герніках — не нашмат больш вяскоўцаў.

_MG_7747

Надзея Уладзіміраўна Мацюк у Валоўніках жыве ўжо пяцьдзясят шэсць гадоў. Прызнаецца, калі пасля замужжа пераехала сюды, нават і меркаваць не магла, што Валоўнікі так апусцеюць. Аднак, нягледзячы на гэта, пераязджаць да дзяцей у горад жанчына не спяшаецца. Такія ўжо яны, людзі старэйшага пакалення: не вабяць іх зручнасці гарадскога жыцця, даражэй сэрцу звычайная вясковая хата. Нездарма ж кажуць, што родная хатка — як родная матка.

Нязвыкла вяскоўцам сядзець і без справы. Раней, кажа Надзея Уладзіміраўна, калі была вялікая гаспадарка, калі трэба было ісці на працу ў калгас, то і ўставаць прыходзілася  на дасвітку: у чатыры-пяць гадзін. “А цяпер “залежваемся”, — гаворыць жанчына — устаём ажно ў гадзін сем-восем. Распалім печку, прыгатуем паесці. Улетку займаемся агародам. Так і жывём”.

Надзея Уладзіміраўна родам з Раклевічаў, а дакладней — з хутара, які па вясковаму называўся “На бары”.  Размяшчаўся ён за два кіламетры ад вёскі. Аднак, узгадвае Надзея Уладзіміраўна, жыццё на хутары не засмучала: была вялікая сям’я, ды і госці прыходзілі  часта.

— Раней  не было тэлевізараў, камп’ютараў, — разважае жанчына, — вось людзі часта і хадзілі адзін да аднаго у госці, размаўлялі, спявалі, збіраліся разам на танцы. Ды і працаваць даводзілася шмат — прасці, ткаць, вышываць, хлеб пячы. Памятаю, што ўжо дзяўчынкай-падлеткам умела расчыняць хлеб. Расчыняла яго з вечара ў дзяжы, ён падыходзіў на працягу сутак. Наступнай раніцай ужо мама выпякала яго ў печы. А вось булкі пяклі толькі на вялікія святы.

— Такая звыклая вясковая праца — яна  супакойвае, ажно на душы лягчэй становіцца — далучаецца да размовы Яўгенія Антонаўна Мацюкевіч. — Вось я, напрыклад, вельмі люблю касіць. Навучылася гэтаму сама. Адно кепска, што не атрымліваецца касу добра намянціць. Раней прасіла мужа, а цяпер, калі прыязджае сын Надзеі Уладзіміраўны, прашу  яго.

_MG_7742

Яўгенія Антонаўна родам з Міклашоў. У Валоўнікі яна таксама выйшла замуж. У дзяцінстве хадзіла сюды ў пачатковую школу. А вось у суседніх Герніках працавала васьмігодка.

Нарадзілася Яўгенія Антонаўна ў шматдзетнай сям’і, у якой было сямёра дзяцей. Адзін са старэйшых братоў быў вядомы на той час музыка, добра іграў на гармоніку. Старэйшая сястра Аляксандра пераехала жыць у Казахстан. На цаліну разам з мужам і сынам паехала і Яўгенія Антонаўна. Аднак з-за таго, што сыну не падышоў клімат , сям’я вярнулася назад.

Узгадваючы мінулае, Надзея Уладзіміраўна і Яўгенія Антонаўна расказваюць і пра тых людзей, якія некалі жылі ў вёсцы. Гэта і  Леанід Кравец — настаўнік, які працаваў у пачатковай школе, дзед Сямён — майстар, які плёў кошыкі, выразаў з дрэва лыжкі і апалонікі. Такімі апалонікамі, тлумачаць жанчыны, кожная вясковая гаспадыня памешвала варэнне, каб яно не прыгарэла, а таксама аўсяны кісель — абавязковую страву Калядаў і Вялікадня.

Каб канчаткова не засумаваць, Надзея Уладзіміраўна і Яўгенія Антонаўна ходзяць адна да адной у госці. Слухаюць радыё, глядзяць тэлевізар, размаўляюць па тэлефоне з дзецьмі, роднымі і проста знаёмымі. У іх ліку — Леакадзія Браніславаўна Гайдук, якая жыве ў Герніках на працягу 60 гадоў.

_MG_7756

Нарадзілася Леакадзія Браніславаўна ў Кулікоўшчыне — вёсцы, якой даўно няма на карце Дзятлаўскага раёна. Напамінам аб ёй застаўся толькі вялізны, у некалькі абхватаў, дуб, каля якога штогод збіраюцца  былыя жыхары Кулікоўшчыны.

— Традыцыйная наша сустрэча праходзіць у Дзятлаве, у доме Фелікса Гайдука, — расказвае Леакадзія Браніславаўна. — Узгадваем мінулае, сваю маладосць, сваю малую радзіму, дзе пачыналася наша жыццё. І цяпер здаецца, што праляцела яно, як імгненне.

У яе мінулым, расказвае Леакадзія Браніславаўна, засталося нялёгкае дзяцінства, калі ўжо у сем гадоў даводзілася пасвіць чужых кароў, каб зарабіць кавалак хлеба,  калгасная праца на ферме, на палетках з лёнам, клопат пра ўласную гаспадарку, дзяцей. Яны раслі і гадаваліся ў некалі вялікай вёсцы з прыгожай назвай Гернікі. Дарэчы, у перакладзе з балцкай мовы яна гучыць як “дабразычліўцы”.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации