30 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў занальны семінар-практыкум для кіраўнікоў музеяў.
У ходзе міжраённай сустрэчы абмяркоўвалася тэма “Навацыі і традыцыі ў свеце музеяў установаў адукацыі”. У семінары прынялі ўдзел кіраўнікі музеяў Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага, Іўеўскага і Дзятлаўскага раёнаў.
Напачатку ўдзельнікаў семінара павітала намеснік начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Жадзейка. Яна пазнаёміла гасцей з асноўнымі славутасцямі і здабыткамі раёна, правяла кароткі экскурс па музеях Дзятлаўшчыны.
Аб дзейнасці музеяў установаў адукацыі, вопыце і перспектывах расказала метадыст Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Наталля Сызранцава.
Пра фарміраванне адзінай выхаваўчай прасторы раёна сродкамі арганізацыі краязнаўчай дзейнасці паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Гарановіч.
Вопытам работы па пашырэнні краязнаўчага руху сярод навучэнцаў, фарміраванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў па захаванні гісторыка-культурных традыцый малой радзімы падзялілася дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Тамара Юранкова.
З прэзентацыяй педагагічнага краязнаўчага вопыту выступілі кіраўнік музея гімназіі № 1 горада Дзятлава Алена Радомская і кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра Святлана Кетка. Яны прадставілі інтэрнэт-праект “Лица ушедшей войны” і правялі кароткі віртуальны экскурс па яго старонках.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Марыя Шавель пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з прэзентацыяй onlain-гульні “Віртуальная
энцыклапедыя маленькага беларуса”, аўтарам і стваральнікам якой з’яўляецца былы навучэнец школы Ілья Панько.
Удзельнікі тэатральнай пляцоўкі прапанавалі гасцям паслухаць музычныя кампазіцыі ваенных гадоў, пакаштаваць салдацкую кашу, а таксама паласавацца рэдкімі для ваеннага часу пачастункамі: хлебам, салам, агароднінай.
Яркімі экспанатамі і тэатральнымі пастаноўкамі сустрэла гасцей семінара крэатыўная платформа #Mobile выстава “Гісторыя аднаго экспаната#”. У ходзе экскурса госці семінара пазнаёміліся з дзейнасцю ўсіх музеяў і музейных памяшканняў Дзятлаўскага раёна. Тут кіраўнікамі школьных музеяў, членамі а’яднанняў па інтарэсах былі прадстаўлены прэзентацыі інсталяцый “Музей у чамадане”, арганізаваныя ў рамках рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”.
Інавацыйныя формы работы ў краязнаўчым напрамку прадставіла Новаяльнянская сярэдняя школа. Тэатралізаваную экскурсію ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Дзеці ліхалецця” правялі для гасцей яго кіраўнік Тамара Крывеня і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах Новаяльнянскай сярэдняй школы “Юныя экскурсаводы”.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі занальнага семінара-практыкума падвялі вынікі сумеснай працы, падзяліліся меркаваннямі. Госці семінара падзякавалі арганізатарам за плённую работу і набыты эфектыўны вопыт у краязнаўчай сферы.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ