Вачыма непрадузятага арбітра. Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці падвёў вынікі работы ў Дзятлаўскім раёне (+відэа)

Важнае Свежыя навіны Улада

У актавай зале райвыканкама службовыя асобы Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці і прадстаўнікі раённай улады падвялі вынікі “Прямых тэлефонных ліній” і прыёмаў грамадзян, якія праводзіліся 11 студзеня ў Дзятлаўскім раёне. Таксама госкантроль правёў праверку работы аб’ектаў сацыяльнай сферы, установаў адукацыі і аховы здароўя, гандлёвых сетак у малых населеных пунктах Дзятлаўшчыны.

Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння колькасці зваротаў грамадзян, што сведчыць пра эфектыўную работу на месцы.

Мадэратарам сустрэчы ў райвыканкаме стаў старшыня Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. На пытанні, якія былі вынесены на парадак дня, адказвалі кампетэнтныя службовыя асобы.

Выслухаць кожнага

Кожнага чалавека трэба выслухаць. Нават калі ён звяртаецца з адной праблемай не першы раз. У кожнага ёсць нейкія пытанні, і нельга заставацца ў баку, адзначыў Анатоль Дарожка.

Пасля правядзення прыёму грамадзян і “Прамой тэлефоннай лініі” з дзятлаўчанамі на выніковым пасяджэнні ён апісаў прысутным сітуацыі кожнага заяўніка і прапанаваў шляхі вырашэння праблем, некаторыя пытанні яшчэ трэба дэталёва вывучыць.

Прыёмы грамадзян праводзіліся і ў сельскіх саветах Дзятлаўшчыны. Так, у Данілавіцкі сельвыканкам звярнуўся мужчына, у сына якога пасля паўгода армейскай службы выявілі парушэнні стану здароўя. Мужчына патрабуе, каб захворванне сына прызналі як захворванне, атрыманае ў працэсе службы ў арміі, і перавялі маладога чалавека на воінскую пенсію. Гэту праблему будуць разглядаць кампетэнтныя службовыя асобы.

Чатыры чалавекі з вёскі Навасёлкі звярталіся з пытаннем аднаўлення работы мясцовага магазіна, які летам быў закрыты з-за звальнення прадаўца. Дырэктар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Лянцэвіч паабяцаў, што, па магчымасці, сітуацыя будзе выпраўлена.

Былі пытанні ў жыхароў Казлоўшчыны. Жыхар гарадскога пасёлка лічыць, што яго незаконна выключылі з членства раённай грамадскай арганізацыі. Прадстаўнікі дзяржкантролю растлумачылі, што рашэнне гэтага пытання не адносіцца да дзейнасці Камітэта дзяржкантролю.

Другі зварот у Казлоўшчыне датычыўся запазычанасці за паслугі ЖКГ па вывазе камунальных адходаў. Заяўніца атрымала паведамленне пра тое, што яе сваячка, якая не жыве ў сваёй кватэры, мае запазычанасць за вываз смецця. У кватэры больш ніхто не жыве, таму і смецця быць не можа.

Гэта праблема вывучаецца і ўзята на кантроль.

У Наваельні стала пытанне наконт замены лямпачкі на адным з вулічных ліхтароў. Старшыня Камітэта дзяржкантролю патрабаваў вырашыць гэта пытанне мірным і, вядома, законным шляхам.

Пах рамонту

Прадстаўнікі дзяржкантролю праверылі стан функцыянальных будынкаў і жылых памяшканняў у населеных пунктах. У Войневічах прапанавалі зрабіць частковы рамонт фасада будынка мясцовай бібліятэкі-клуба. Да таго ж, адзначылі, што матэрыяльная база там вельмі добрая.

Жыхарка Казлоўшчыны звярнулася з нагоды капітальнага рамонту дома на вуліцы Савецкай. Ёй растлумачылі, што існуе 5-гадовая праграма, дзе падрыхтаваны перспектыўны план капітальных рамонтаў. Дом, пра які ідзе гаворка, уваходзіць у гэту праграму ў 2022 годзе, таму хутка там будзе праведзены капрамонт.

У гарадскім пасёлку Наваельня таксама жыхары занепакоены рамонтам дома 1970 года пабудовы на вуліцы Чырвонаармейскай. Сцвярджаюць, што ў кватэрах нізкі тэмпературны рэжым. Прадстаўнікі ЖКГ знялі паказанні і парушэнняў не выявілі. Гэты дом таксама ўключаны ў праграму капрамонту на 2022 год.

Спорт для ўсіх

Парэцкі сельсавет ацэньваў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Садаўнічы:

Усё знаходзіцца ў добрым стане, дагледжана, і гэта гаворыць пра тое, што ўлада сочыць за парадкам. Скаргаў ад насельніцтва не было. Мы азнаёміліся з тэрыторыяй, лішні раз пераканаліся, што там усё ў парадку.

У дадатак да ўсяго, ён прапанаваў зрабіць у Хвінявічах хакейную пляцоўку.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус пацвердзіла, што хакейнай каробкі там няма, але заліты каток, агароджаны акуратнымі борцікамі для бяспекі.

Прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю заўважылі, што спартыўная база адсутнічае ў Войневічах. Там няма стадыёна і спартыўных пляцовак. Гэта звязана з тым, што ў вёсцы няма школы, але для дзяцей арганізаваны падвоз у Казлоўшчыну для спартыўных заняткаў.

А вось ў Жукоўшчыне на тэрыторыі дзіцячага сада-базавай школы ёсць каток і нават лыжная траса вакол стадыёна. Жыхары аграгарадка могуць бясплатна ўзяць лыжы для заняткаў спортам.

Можа, варта ўстановам адукацыі пашырыць спектр аказання платных паслугаў у рамках пракату спартыўнага інвентару? – прапанавала Вольга Качаноўская, намеснік начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы.

Ведаць кошт тавараў

Пры праверцы ў Войневічах станоўчыя ўражанні засталіся ў дзяржкантролю ад гандлёвай сеткі. У мясцовым магазіне, як адзначылі, асартыментны пералік выконваецца, станоўчая выкладка тавару, добрая плошча памяшкання.

А вось у Жукоўшчынскім “Родным куце” заўважылі адсутнасць цэннікаў на некаторых таварах. Таксама заўвагу атрымаў і магазін у Вензаўцы з-за правісаючага провада. Сітуацыю патлумачыў Дырэктар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Лянцэвіч: насамрэч гэта провад ад камеры відэаназірання. У магазіне нядаўна была перастаноўка, таму ўсё хутка будзе ў належным стане.

Што датычыцца фельчарска-акушэрскіх пунктаў, то на Дзятлаўшчыне яны працуюць добра, але ўзніклі пытанні наконт захоўвання і рэалізацыі медпрэпаратаў, якія рэалізуюцца праз загадчыка Войневіцкага ФАПа. Таксама ёсць пытанні па рэжыме рэалізацыі гэтых прэпаратаў, іх захаванасці ў час адсутнасці загадчыка ФАПа. На некаторых медпрэпаратах адсутнічалі цэннікі.

Анатоль Дарожка даручыў разабрацца з гэтым пытаннем галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Марыі Максімовіч.

Ёсць некаторыя пытанні па вытворчай сферы. Прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю звярнулі ўвагу на выкарыстанне дэльта-скрэпераў на малочна-таварнай ферме ў Вензаўцы.

Свежы погляд

Старшыня Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка падвёў вынікі пасяджэння і адзначыў, што ўсё прайшло без вялікіх праблем, і гэта вельмі добра:

Свежым поглядам прасцей заўважыць дробныя недахопы. І калі нават непрадузятыя суддзі не заўважылі нічога вельмі дрэннага, то гэта добрая ацэнка вашай працы, – звярнуўся ён да прысутных.

Таксама старшыня Камітэта дзяржкантролю падзякаваў аддзелу па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама за высокую арганізаванасць і прадстаўнікам мясцовай улады за якасны падыход да сваёй справы.

Юлія БАКУНОВІЧ