Ахова – з ліцэнзіяй

Здарэнні і бяспека

Каб надзейна захоўваць сваю маёмасць, арганізацыям варта мець штат прафесійна граматных работнікаў, якія гатовы выконваць ускладзеныя на іх функцыі па ахове маёмасці на давераным ім аб’екце. Для гэтага неабходна атрымаць ліцэнзію на права ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці. Збор неабходных дакументаў робіць спашукальнік ліцэнзіі, а дапамогу аказваюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

На сёння ў Дзятлаўскім раёне налічваюцца 43 юрыдычныя асобы, якія ўласнымі сіламі ажыццяўляюць ахову аб’ектаў, што ім належаць, на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій). Як вынік – за апошнія пяць гадоў колькасць крадзяжоў з аб’ектаў, якія ахоўваюць ліцэнзіяты, знізілася больш чым у тры разы. Паводле Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, устаноўлены ліцэнзіённыя патрабаванні і ўмовы, якія прад’яўляюцца да суб’екта гаспадарання пры ажыццяўленні ахоўнай дзейнасці. Аднак пры правядзенні кантралюючым органам планавых праверак у адпаведнасці з Каардынацыйным планам кантрольнай (нагляднай) дзейнасці выяўлены наступныя тыповыя парушэнні:

  • ажыццяўленне ахоўнай дзейнасці работнікам ліцэнзіята, які не адпавядае прад’яўляемым патрабаванням (у большасці выпадкаў гэта работнікі аховы, якія не прайшлі ацэнку ведаў і (або) медыцынскую камісію);
  • непрадастаўленне ў Міністэрства ўнутраных спраў (падраздзяленне Дэпартамента аховы МУС) не пазней за адзін месяц з дня прыёму на работу спіскаў новых прынятых работнікаў, якія ажыццяўляюць ахоўную дзейнасць;
  • выкарыстанне на ахоўваемых аб’ектах сродкаў і сістэмаў аховы, якія не прайшлі абавязковае пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, і незабеспячэнне тэхнічнага абслугоўвання дадзеных сістэмаў;
  • адсутнасць сістэмы кантролю за нясеннем службы работнікамі аховы;
  • адсутнасць у работніка аховы службовага пасведчання і (або) жэтона ці іх наяўнасць незацверджанага ўзору.

За ажыццяўленне юрыдычнай асобай ліцэнзуемай ахоўнай дзейнасці без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) або за парушэнне ліцэнзіятам умоваў і правілаў ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці артыкулам 23.57 КоАП Рэспублікі Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу на юрыдычную асобу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічыняў з канфіскацыяй прадметаў і спецыяльных сродкаў ахоўнай дзейнасці або без канфіскацыі. У выпадку выяўлення грубага парушэння ліцэнзіятам заканадаўства аб ліцэнзаванні ліцэнзуючы орган, які выдаў ліцэнзію, прымае рашэнне аб спыненні яе дзеяння ў парадку, устаноўленым палажэннем аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1.09.2010 года №450.

Атрымаць кансультацыю па пытанні арганізацыі аховы аб’ектаў (маёмасці) юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства, а таксама дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў на атрыманне, прадаўжэнне, унясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у ліцэнзію на права ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці можна ў Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь па адрасе: г. Дзятлава, вул. Фогеля, 15, кабінет №14 або па тэлефоне 8(01563)2-65-92.

Д. СКВАРЧЫНСКІ,
першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *