На Дзятлаўшчыне прайшоў абласны семінар работнікаў адукацыі па актуальнай тэме: “Развіццё інтэлектуальна-творчых здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай правядзення конкурсаў і гульнёвых праграм”. Мерапрыемства праходзіла на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава ў форме творчай справаздачы.

Удзельнікі семінара сустрэліся ў фае ўстановы, дзе праходзіла выстава-прэзентацыя арганізацыйна-кіраўнічых матэрыялаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама “Гуляем. Ствараем. Развіваемся” і выстава сумеснай творчасці дзяцей, іх бацькоў і педагогаў установаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны.

У актавай зале першым гасцей павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч. Ён расказаў, чым багата Дзятлаўшчына, узгадаў знакамітых землякоў.

Праблемы, якія павінны быць абмеркаваны ў час семінара, пералічыла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А. Л. Кухта. Яна зазначыла, што вопыт работы дзятлаўскіх педагогаў-дашкольнай адукацыі заслугоўвае ўвагі і можа стаць прыкладам для пераймання, паколькі работа дала станоўчыя вынікі.

Як з дапамогай гульні, творчых конкурсаў, інтэлектуальных турніраў усебакова развіваць дзяцей дашкольнага ўзросту, фарміраваць у іх такія інтэлектуальныя якасці, як успрыманне, увага, памяць, прасторавыя ўяўленні, фантазія і іншыя, паказалі педагогі яслі-сада №1 горада Дзятлава і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава. Разам са сваімі выхаванцамі яны падрыхтавалі прэзентацыю дасягненняў “Вясёлка талентаў”, у час якой гучалі песні і вершы, дэманстраваліся складаныя танцавальныя праграмы, ладзіўся парад казачных герояў.

Аб развіцці сістэмы адукацыі Дзятлаўскага раёна на рэгіянальным узроўні расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама І. С. Кухарэвіч. Ён падкрэсліў, што развіццю інтэлектуальна-творчых здольнасцяў дзяцей спрыяе не толькі работа педагогаў і паспяховае выкананне дзяржстандартаў, але і матэрыяльная забяспечанасць установаў адукацыі сродкамі навучання, умовы, у якіх вучацца і выхоўваюцца дзеці. На ўсё гэта на Дзятлаўшчыне скіравана асаблівая ўвага, а таму ёсць пэўныя вынікі: на працягу апошніх гадоў аддзел адукацыі, спорту і турызму займае высокія пазіцыі ў абласным рэйтынгу, а летась стаў другім у сваёй падгрупе.

З асноўным дакладам выступіла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама К. А. Гайдук. Яна зазначыла, што навучанне дзяцей-дашкольнікаў скіравана на фарміраванне інтэлектуальна-творчых, рухальных навыкаў, моўнае развіццё. Усё новае дзеці найлепш засвойваюць у час гульні, таму педагогі ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць разнастайныя гульнёвыя методыкі. Гэта і лягло ў аснову раённых конкурсаў і фестываляў для дзяцей дашкольнага ўзросту, на якія былі багатыя і мінулыя, і 2014 год. Сёлета на Дзятлаўшчыне праходзілі конкурс даследчых работ “Мае першыя адкрыцці”, педагагічны марафон тэатральных пастановак з удзелам выхавальнікаў, дзяцей, іх бацькоў “І завітала ў госці беларуская казка”, інтэлектуальна-творчы турнір сярод выхаванцаў установаў дашкольнай адукацыі старэйшага дашкольнага ўзросту, які складаўся з першынства раёна па шашках “Шашачная шкатулка” і інтэлектуальнага конкурсу “Любознайка”, раённы завочны фестываль-конкурс сюжэтных гульнёвых праграмаў спартыўна-аздараўленчай накіраванасці з элементамі беларускіх народных гульняў “Забава”.

Вопытам работы з калегамі з рэгіёнаў падзяліліся і кіраўнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны С. В. Ус, загадчыца ДЦРД №2 горада Дзятлава, А. І. Лазоўская, загадчыца яслі-сада №1 горада Дзятлава, С. Р. Гурская, загадчыца Гезгалаўскага яслі-сада. Самапрэзентацыя выхавальнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў раённых конкурсаў для дзяцей дашкольнага ўзросту, паказала, з дапамогай якіх метадаў і формаў работы можна дасягнуць высокіх вынікаў.

Завяршыўся семінар “Адкрытым марафонам”, у час якога госці і гаспадары абмеркавалі пачутае, падвялі вынікі сустрэчы.

І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации