Без закона не існуе грамадства, бо калі законы папіраюцца, у грамадстве пачынаюцца хаос і разлад. Чалавецтва за час свайго існавання не раз упэўнілася ў справядлівасці гэтай высновы. А таму прафесія юрыста — знаўцы і абаронцы закона і людзей — заўжды была запатрабаванай і пачэснай, цікавай і мнагаграннай. У наш час юрысты прадстаўляюць розныя галіны права, а таму паспяхова працуюць у многіх установах і арганізацыях, пачынаючы ад прадпрыемстваў, заканчваючы праваахоўнымі органамі.
Аб асаблівасцях прафесіі юрыста-праваахоўніка карэспандэнтка газеты пагутарыла з начальнікам аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Жалнерчыкам.

— Анатоль Вацлававіч, раскажыце, чаму вы абралі прафесію юрыста?
— Прызнацца, гэта быў свядомы выбар, хаця лёс унёс некаторыя карэктывы ў мае задумкі. З дзяцінства я марыў стаць абаронцам Айчыны, служыць ва Узброеных Сілах тады яшчэ Савецкага Саюза. Паступіць у ваенную навучальную установу з першай спробы не ўдалося, але гэта мяне не засмуціла, таму што ішоў служыць у армію, дзе таксама можна было пачаць кар’еру ваеннага. У ваенкамаце прапанавалі службу ва ўнутраных войсках, я згадзіўся. У войску зразумеў, што служба ў міліцыі мяне зацікавіла. Яшчэ ў школьныя гады я быў нецярпімы да дрэнных учынкаў: абурала, калі крыўдзілі слабейшага, падманвалі людзей, кепска сябе паводзілі. А работа праваахоўніка якраз скіравана на барацьбу з гэтымі негатыўнымі з’явамі ў грамадстве, на абарону законных правоў грамадзян.
— Як складваўся далейшы лёс?
— Пасля арміі скончыў Калінінградскую школу міліцыі. Службу пачынаў у Лідскім райаддзеле ўчастковым інспектарам. Адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Акадэміі МУС. Праз чатыры гады быў пераведзены ў аддзел крымінальнага вышуку, дзе адпрацаваў 14 гадоў, з іх 6 — на пасадзе начальніка. Ліда — даволі крымінальны горад, служба была напружаная і адказная. Улічваючы высокую крымінальную актыўнасць, працаваць даводзілася без выхадных, нягледзячы на тое, што ў штаце было 28 супрацоўнікаў. На сон найчасцей заставалася па некалькі гадзін у суткі, прычым, галава працавала пастаянна: як раскрыць чарговае злачынства, знайсці вінаватага, даказаць віну. Такое жыццё паступова стала звыклым. Калектыў аддзела крымінальнага вышуку быў зладжаны, надзейны, спрацаваны. Усе мы выдатна разумелі сэнс слова “трэба”, не лічыліся з уласным часам.
Нягледзячы на цяжкасці, работа была мне па душы, таму не адразу згадзіўся, калі з упраўлення ўнутраных спраў паступіла прапанова стаць першым намеснікам начальніка Ваўкавыскага райаддзела міліцыі. Аднак давялося прыняць станоўчае рашэнне, бо сярод маіх падначаленых былі вопытныя супрацоўнікі, якім таксама трэба было расці прафесійна, я гэта разумеў. Дарэчы, многія нашы лідскія аператыўнікі сёння паспяхова ўзначальваюць рэгіянальныя аддзелы міліцыі: Аляксандр Шэстала — Шчучынскі, Дзмітрый Уляшка — Ашмянскі, Аляксандр Рэба стаў першым намеснікам начальніка Слонімскага АУС.
Пасля Ваўкавыска, у ліпені 2010 года, мяне назначылі на пасаду начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, так трапіў на Дзятлаўшчыну.
— І як вам тут працуецца?
— У плане крымінагеннай актыўнасці Дзятлаўшчына даволі неспакойны раён. Тут знаходзяцца Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод, Парэцкі спіртзавод, Наваельнянская туббальніца, санаторый “Радон”, у пасёлку Гезгалы жывуць каля 300 перасяленцаў, схільных да асацыяльных паводзінаў. Усё гэта ўплывае на крымінагенную абстаноўку. Штогод мы фіксуем высокі ўзровень злачыннасці з боку асобаў, якія маюць судзімасць. Таму і работу ладзім з улікам гэтых акалічнасцяў.
— А чаго вы, як кіраўнік, патрабуеце ад сваіх падначаленых?
— Безумоўнага выканання службовых абавязкаў. Справа ў тым, што наша службовая дзейнасць урэгулявана шматлікімі нарматыўна-прававымі актамі ўнутранага зместу. Перш чым брацца за справу, варта вывучыць службовыя інструкцыі і загады, адпаведна ім арганізоўваць сваю работу. Па гэтай прычыне супрацоўнікам міліцыі даводзіцца пастаянна ўдасканальваць узровень ведаў: вывучаць, канспектаваць, знаёміцца са станоўчым вопытам работы.
— А вам таксама даводзіцца гэта рабіць?
— Безумоўна. Заканадаўства не стаіць на месцы, ды і нашы ўнутраныя дакументы пастаянна ўдасканальваюцца, дапаўняюцца, мяняюцца. Юрысту варта паспяваць за гэтай дынамікай. Я таксама шмат чытаю, канспектую.
— А чым вы любіце займацца ў вольны ад службы час?
— Яго ў мяне не так і шмат. Выхадныя люблю праводзіць з сям’ёй: у мяне жонка і двое дарослых сыноў. Калі казаць пра віды адпачынку, то я прыхільнік актыўнага ладу жыцця. Спортам захапляюся даўно, займаўся службовым шматбор’ем, у свой час выступаў на чэмпіянаце УУС. Разрадку для сябе найчасцей знаходжу на спартыўнай пляцоўцы. Аднак усё павінна быць у меру, і калі выдаецца спакойная хвілінка між справамі, то люблю пачытаць мясцовую прэсу, пацікавіцца, чым жыве рэгіён, вобласць.
— Чаго пажадаеце калегам па галіне да прафесійнага свята?
— Здароўя, поспехаў, дабрабыту і ладу ў сем’ях. Няхай іх ніколі не пакідае імкненне да вывучэння новага, да ўдасканалення сваіх ведаў, бо ад паспяховай практыкі юрыста залежыць яго поспех сярод грамадзян, а значыць, і далейшая кар’ера. Юрыстам, якія працуюць у праваахоўных органах, жадаю, каб уся іх дзейнасць была скіравана на павагу да закона, імкненне да справядлівасці.

Гутарыла І. СТЫРНІК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации