Падзеі
1 min read
1483

Зенітчыца Марыя

5 декабря, 2014
0
З фотаздымка даўніх часоў на мяне глядзела прыгожая дзяўчына з правільнымі рысамі твару і сур’ёзным позіркам, з доўгімі кучаравымі валасамі. Такой была Марыя Пятроўна Глебава (у дзявоцтве – Някрасава). Яна мела вялікія здольнасці да ведаў, старанна вучылася і марыла атрымаць годную прафесію. Ды вайна вырашыла інакш. Надышоў 1941-ы, які ўзамен дзявочых мараў і планаў на лепшае жыццё прынёс боль страты, горыч расставанняў і пыл франтавых дарог.

***

Іх было шасцёра ў маці. Старэйшы брат Марыі Уладзімір яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя працаваў піянерважатым у школе, а напярэдадні вайны быў у войску. Дывізія, дзе з 1940 годаф служыў палітруком Уладзімір, 22 чэрвеня 1941-га першай прыняла ўдар гітлераўцаў. Гэта ён разам са сваімі таварышамі па 2-й Ленінскай партызанскай брыгадзе ўтварыў партызанскі край, у які ў 1941-1942 гадах уваходзіла тэрыторыя дзесяці раёнаў.
У першыя дні вайны прызвалі на фронт і Пятра Мікітавіча Някрасава, бацьку шматдзетнага сямейства. Усёй сям’ёй Някрасавы развітваліся з ім на чыгуначнай станцыі Урупіна, як аказалася, назаўжды. У родным для Марыі Пятроўны сяле Няхаева Валгаградскай вобласці засталася маці з сястрычкамі і брацікамі, малодшаму з якіх, Толіку, было толькі тры месяцы. Толькі пасля вайны атрымалі ліст: Пётр Някрасаў служыў мінамётчыкам, у адным з баёў быў моцна паранены і лячыўся ў шпіталі, які разбамбілі… Далейшы лёс невядомы. Толькі праз шмат гадоў пасля вайны Марыя Пятроўна даведалася, што тата загінуў восенню 1943 у Беларусі і быў пахаваны ў пасёлку Янева на Магілёўшчыне.
Першае, што Марыя Пятроўна згадвае пра вайну – гэта страшны голад. Замест хлеба – шыпшына, глог ды яблыневы ліст, якія высушвалі і таўклі ў ступе. Шмат дзяцей у станіцы ў першыя гады вайны памерлі галоднай смерцю. Каб выжыць, падлеткі ныралі ў раку Хапёр і лавілі ракавінкі, мяса якіх лічылася вялікім далікатэсам.
— Мы, згаладалыя, маглі патануць у той рацэ, каб не дзве жанчыны, якія заўважылі нас і выратавалі, – згадвае ветэран.
Не адзін раз яны з сяброўкамі хадзілі за 25 кіламетраў у суседні горад, прасіліся добраахвотнікамі ў Чырвоную Армію. Яны далі сабе слова абараніць Айчыну ад фашысцкай навалы, адпомсціць тым, з-за каго згубіліся на франтах вайны іх родныя.

***

Нарэшце ў 1943-м, калі Марыі Някрасавай споўнілася васямнаццаць, яе залічылі ў рады рэгулярнай арміі. Іх сустрэў амаль дарэшты знішчаны Сталінград, яшчэ нядаўна вялікі горад на Волзе.
— Некаторы час, пакуль не пачалася вайсковая вучоба, мы займаліся ачысткай вуліц ад завалаў, – апісвае франтавічка першыя дні службы. – Помню жах сябровак, якія сярод грудаў смецця і абломкаў цэглы знаходзілі чалавечыя рукі і ногі.
Дзяўчына вучылася на курсах зенітчыкаў і была залічана ў 485-ы зенітны артылерыйскі полк. Пад Растовам, дзе служыла Марыя Някрасава, ішлі жорсткія баі: гітлераўцы не хацелі саступаць ні пядзі акупаванай зямлі. Далікатныя дзявочыя рукі, якім бы лепш вышываць ды плясці вяночкі, зараджалі зенітныя ўстаноўкі і накіроўвалі іх прамой наводкай на нямецкія танкі і пяхоту, дзяўчаты поплеч з мужчынамі вызвалялі родную зямлю.
У адным з баёў дзяўчына была кантужана. Але праз кароткі час – зноў удзельнічала ў баях. Яе франтавы шлях пралягаў праз Таганрог, Навачаркаск. Асабліва цяжкімі былі баі за Адэсу: бамбардзіроўкі з паветра, выбухі снарадаў, залпы зенітак нагадвалі пекла на зямлі, у цэнтры якога юная Марыя не выпускала з рук планку прыцэла, быццам была з зеніткай адным цэлым. І толькі калі суцішваўся бой, прыходзіла разуменне: “Я жывая, я яшчэ жывая”. Адэса запомнілася маладой зенітчыцы не толькі зацятымі баямі:
— Мы з падраздзяленнем размясціліся ў зямлянках пасярод абрыкосавага саду, каб быць менш заўважнымі з паветра, – расказвае ветэран. – Раней я ніколі не ела абрыкосаў, а там яны былі паўсюль на галінах дрэваў – толькі руку працягні. Якія смачныя былі для нас гэтыя абрыкосы! Іх водар не забудуся, мабыць, ніколі.
У 1944 годзе пры медсанбаце яфрэйтар Някрасава скончыла курсы медыцынскіх сясцёр і была залічана санінструктарам у свой 485-ы полк. У Малдавіі яна ратавала параненых салдат – перавязвала раны, выцягвала на плашчы-палатцы з поля бою, як магла, падтрымлівала добрымі словамі.
Аднойчы, сама апынуўшыся за крок ад пагібелі, выжыла і вырвала ў смерці яшчэ адно жыццё. Полк фарсіраваў раку Паўднёвы Буг паблізу горада Мікалаева. Паром, якім разам з баявымі таварышамі перапраўлялася Марыя, трапіў пад бамбёжку. Выбуховай хваляй дзяўчыну адкінула ў ледзяную ваду, якая кіпела ад снарадных асколкаў. Дзяўчыну ўратавала толькі тое, што яна вырасла на рацэ Хапёр і выдатна плавала. Яна дабралася да берага сама і выцягнула салдата.

***

Дахаты Марыя Някрасава вярнулася восенню 1945-га, не па гадах дарослая, з багажом цяжкага ваеннага вопыту і болем успамінаў. За ўдзел у баявых дзеяннях яна была ўзнагароджана медалямі “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”.
Марыя Пятроўна стварыла сям’ю і доўгія гады жыла з мужам у расійскім горадзе Мурманску. Пасля вайны яна знайшла сваю франтавую сяброўку Марыю Цімафееўну Вінакураву, з якой да нядаўняга часу вяла перапіску.
Жыць у Беларусь яна прыехала, калі на радзіме ўжо нікога з блізкіх не засталося. Тут, на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Таркачы, Марыю Пятроўну Глебаву даглядае пляменнік і яго сям’я.
1 снежня прадстаўніца легендарнай сям’і герояў Някрасавых адзначыла сваё дзевяностагоддзе, з якім яе павіншавалі таркачоўскія школьнікі, прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ (на фота).
Загартаваная ў баях, жанчына і сёння актыўная, жвавая і нераўнадушная. Яна чытае прэсу, піша лісты, шле пасылкі з дапамогай сваякам і пільна сочыць за знешнім выглядам. Спіна, праўда, моцна турбуе: адгукаюцца франтавыя будні за зенітнай устаноўкай, ды жыццё навучыла яе цярпець боль. Чалавека, які бачыў ваенны голад і запусценне, больш за ўсё ўражвае шчодрая беларуская прырода і людская безгаспадарлівасць:
— Вельмі ў Беларусі шмат яблыкаў. Такі багаты край! Я пішу сваім сваякам, што тут увосень яблыкі ўсюды ляжаць на зямлі, а часам валяюцца на дарозе – дык яны мне паверыць не могуць…
Наперадзе ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны – юбілейная 70-ая пераможная вясна, за якой, спадзяюся, будзе яшчэ не адно сонечнае лета і шчодрая яблычная восень.

Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации