Тэма
Чалавечае жыццё – гэта не тавар
Праблема
Гандаль людзьмі – не выдумка, і пра гэта неабходна інфармаваць дзяцей
Факт
Здавалася б, тэма гандлю людзьмі – сцэнарый для вострасюжэтнай кінастужкі або водгук далёкіх зводак навін з іншых краін. Але ці так на самой справе? Каб развеяць міфы і даць падлеткам рэальныя інструменты абароны, сацыяльныя педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Іна Нічыпаровіч і Дыяна Кацянкова ў анлайн-фармаце правялі Дзень прававой дапамогі “Гандаль людзьмі – выдумка ці рэальнасць?” для навучэнцаў 9-11 класаў установаў адукацыі раёна.
Слова спецыялістаў
Іна Нічыпаровіч, Дыяна Кацянкова, сацыяльныя педагогі:
– Віртуальная сустрэча была скіравана не на тое, каб напалохаць удзельнікаў, але каб узброіць іх ведамі, бо галоўная абарона ад небяспекі – гэта дасведчанасць і крытычнае мысленне.
Чаму пра падобныя рэчы бацькам і педагогам неабходна размаўляць з дзецьмі? Пра гэта сведчыць трывожная статыстыка нашага часу. Ахвярамі гандляроў людзьмі ўсё часцей становяцца маладыя людзі ва ўзросце 16-18 гадоў. Для падману зламыснікі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі, сайты па пошуку работы, нават знаёмяцца за анлайн-гульнямі, маскіруючыся пад сяброў або наймальнікаў.
Многія дзеці лічаць, што з імі падобнае не здарыцца, бо яны разумныя і асцярожныя. Аднак вярбоўшчыкі – гэта прафесійныя маніпулятары. Наша задача – паказаць маладым жыхарам раёна механізмы іх работы, каб падлеткі маглі распазнаць “чырвоныя сцягі” своечасова.
Каб удзельнікі анлайн-сустрэчы не гублялі ўважлівасці і засвоілі матэрыял, для занятка мы выбралі інтэрактыўны фармат.
Варта ведаць
Многія ўпэўнены, што гандаль людзьмі – гэта пра абавязковы крадзеж з вуліцы. У жыцці, як паказвае статыстыка, у многіх выпадках ахвяры самі згаджаюцца на прапановы, якія здаюцца ім прывабнымі: высокааплатная работа за мяжой без вопыту, выгадны мадэльны кантракт, усебаковая дапамога ў пераездзе ці рамантычныя адносіны з незнаёмцам з інтэрнэту.
Памятайце
Каб пазбегнуць падману, неабходна быць асцярожным і задаваць правільныя пытанні наймальніку:
- чаму такая высокая зарплата?
- дзе дакладны адрас офіса вашай арганізацыі?
- ці будзем афармляць працоўны дагавор?
- якая спатрэбіцца віза, турыстычная ці працоўная?
Не лішнім будзе і самому задумацца, а чаму вам прапануюць гэта бясплатна, лёгка і хутка?
Увага
Уменне своечасова ўзяць паўзу, параіцца з блізкімі, часам звярнуцца з пытаннем да праваахоўнікаў можа выратаваць вам жыццё.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga