Грандыёзную жыццёвую мяжу перасягнула паважаная жыхарка нашага раёна Ірэна Талкун. Сёлетняй восенню яна адзначыла 95 гадоў з дня нараджэння. Гэта асаблівая дата выклікае шчырае захапленне і глыбокую павагу.
Падзяліць радасць знамянальнай падзеі і выказаць словы ўдзячнасці да імянінніцы прыехалі шаноўныя госці. Юбілярку цёпла павіншаваў старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч. Звяртаючыся да віноўніцы ўрачыстасці, кіраўнік сельвыканкама адзначыў, што людзі старэйшага пакалення – гэта залаты фонд нашага краю, прыклад сапраўднай працавітасці, стойкасці і жыццёвай мудрасці для моладзі.

Ігар Станіслававіч уручыў Ірэне Іванаўне памятныя падарункі, пажадаў ёй моцнага здароўя, невычэрпнай бадзёрасці духу і доўгіх гадоў жыцця побач з роднымі людзьмі.

Прыемным сюрпрызам для імянінніцы стала музычнае віншаванне ад творчага калектыву Данілавіцкага дома культуры. У выкананні мясцовых артыстаў прагучалі душэўныя, знаёмыя з юнацтва песні, якія падарылі доўгажыхарцы і яе блізкім незабыўныя святочныя эмоцыі.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Ірэна Іванаўна захавала светлы розум і душэўную цеплыню. У гэты святочны дзень яе дом быў поўны кветак, віншаванняў і шчырых усмешак.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga