Дзятлаўскае РУП ЖКГ ажыццяўляе рэканструкцыю кацельні аграгарадка Жукоўшчына з устаноўкай катла, які будзе працаваць на пелетах.

Больш падрабязна аб работах расказаў дырэктар камунгаса Васіль Пяцюк.

– Васіль Васільевіч, чаму ўзнікла неабходнасць у рэканструкцыі?
– Гэта апошняя на Дзятлаўшчыне кацельня нашай арганізацыі, якая працавала на дровах. Асноўнай прычынай яе рэканструкцыі стала неадпаведнасць старога абсталявання экалагічным нормам па выкідах рэчываў у атмасфернае паветра. Быў перавышаны і тэрмін эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання. Яшчэ гэты аб’ект абслугоўвалі адразу чатыры аператары, і прыспела неабходнасць у скарачэнні штату.

– Колькі грошай будзе патрачана на абнаўленне?
– Мы былі ўключаны ў рэспубліканскую праграму “Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць”, згодна з якой на рэканструкцыю выдзелена амаль паўтара мільёна рублёў. Больш за дзвесце тысяч з іх патрачана на закупку кацельнага абсталявання, якое працуе на пелетах. Арганізацыя, якая ажыццяўляе інжынернае абслугоўванне аб’екта – ТАА “РосБелІнжынірынг”, правяла працэдуру закупкі па выбары падраднай арганізацыі. У выніку выйграла ТАА “БелРэмКар” з дагаворнай цаной каля аднаго мільёна двухсот шасцідзесяці тысяч рублёў.


– Адкуль прыехаў новы кацёл?
– Пастаўшчыком стала Гродзенская арганізацыя ТАА “БелКамін”. Практычна за месяц было выраблена кацельнае абсталяванне для аб’екта, у камплект якога ўвайшлі сам кацёл, накапляльны бункер для пелет і сістэма аўтаматызацыі.


– Аднак маштаб рэканструкцыі значна шырэйшы?
– Пры праектаванні былі закладзены такія віды работ, як абнаўленне канструкцыйных элементаў самой кацельні: поўны рамонт даху, уцяпленне тарцавой сцяны ў месцы знаходжання бытавога памяшкання, санвузла і складскога памяшкання, замена вокнаў, дзвярэй, унутраная аддзелка, тынкоўка і афарбоўка сцен, рамонт і афарбоўка столі, уладкаванне падмуркаў пад кацельнае абсталяванне, дымавыя трубы і кран-балку, якая неабходна на аб’екце, каб транспарт, які дастаўляе пелеты ў баулах, можна было зручна разгружаць.

– Што засталося зрабіць і якім чакаецца вынік?
– Магутнасць кацельнага абсталявання складае 0,6 мегават. Рэзервовай крыніцай цеплазабеспячэння на кацельні аграгарадка Жукоўшчына застаецца газавы кацёл, які, дарэчы, працуе цяпер у ацяпляльны перыяд.
Вялікі аб’ём работ ужо зроблены. Скончыць іх плануем да канца кастрычніка. Засталося ўладкаваць пажарную сігналізацыю і аўтаматызацыю абсталявання, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, дзе будзе знаходзіцца разваротная пляцоўка для транспарту плошчай каля двухсот дзевяноста метраў квадратных. Свайго завяршэння таксама чакае мантаж металапрофілю агароджы.
Калі рэканструкцыя скончыцца, увесь абслугоўваючы персанал кацельні будзе скарочаны. Сачыць за работай аб’екта пачне дзятлаўская брыгада ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак. Некалькі разоў на тыдзень яна будзе прыязджаць у аграгарадок для выдалення попелу. Сама гэта працэдура аўтаматызавана: попел будзе назапашвацца ў бункеры, які і давядзецца перыядычна ачышчаць. Зразумела, што колькасць візітаў будзе залежаць ад умоваў надвор’я: чым ніжэй градус, тым часцей будзе ажыццяўляцца ачыстка.
Сачыць за ўсім цыклам работы кацельні ў Жукоўшчыне пасля рэканструкцыі мы зможам аддалена. Паказчыкі ў аўтаматычным рэжыме будуць адлюстроўвацца на маніторы Дзятлаўскага РУП ЖКГ, дзе зможам назіраць расход паліва, тэмпературу падачы і тэмпературу вяртання вады.

– Ці заўважаць спажыўцы фінансавую, іншую розніцу?
– Для спажыўца кошт гігакалорыі цяпла не падаражэе, а вось для камунгаса сабекошт ацяплення на пелетах будзе таннейшым на 15 %, чым ранейшы на дровах. Зразумела, што гэта добрая фінансавая падтрымка. Што тычыцца надзейнасці, то тэрмін гарантыі на гэты ацяпляльны аб’ект складзе пяць гадоў, а тэрмін службы катла – не менш за дзесяць гадоў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае