Па добрай традыцыі на Дзятлаўшчыне аднымі з першых прышчапляюцца і падаюць прыклад іншым працоўным калектывам супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта. У гэтым годзе медыкі з вакцынай прыехалі да іх 2 кастрычніка.

– З 1 кастрычніка стартавала вакцынацыя ад грыпу, – расказала намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Гутар. – Выкарыстоўваем расійскую вакцыну “Грыпол плюс”, якую ўжываем не першы год. Як сведчыць практыка, пераносіцца яна цудоўна. Гэта дазваляе прышчапляць таксама цяжарных жанчын, інвалідаў, асоб пажылога ўзросту. Як і на любую вакцыну на “Грыпол плюс” у пацыентаў можа быць рэакцыя ў выглядзе пачырванення, невялікай прыпухласці ў вобласці ін’екцыі, лёгкай тэмпературы. Цяжкіх рэакцый яна ніколі не выклікала, пераносіцца добра. Самы прыдатны час прышчапляцца – кастрычнік-лістапад, каб імунітэт паспеў выпрацавацца да сустрэчы з інфекцыяй. Потым калі чалавек і захварэе на грып, то перанясе яго значна лягчэй.

Па запрашэнні наймальнікаў раёна для вакцынавання работнікаў мы выязджаем у арганізацыі. Дзятлаўчане і самі могуць звяртацца ў паліклініку ў кабінеты № 110 і № 215 або выказаць сваё жаданне ўчастковаму тэрапеўту ці доктару агульнай практыкі. Працэдура бясплатная.






Меркаваннем наконт вакцынавання падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Імунізацыю ад грыпу лічу важнай мерай для зберажэння здароўя насельніцтва. Не менш важна, каб максімальная колькасць людзей прышчапілася ад гэтай хваробы, бо грып найбольш характэрны для Беларусі і нашага клімату. Неабходна дасягнуць калектыўнага імунітэту. З гэтым звязана здароўе грамадзян, стан эканомікі, іншыя аспекты: менш будзе хваробаў, бальнічных, больш працаздольных работнікаў, якія выконваюць свае працоўныя абавязкі.
Я прышчапляюся кожны год і на працягу апошніх 7-8 гадоў на грып не хварэў, бывалі толькі лёгкія прастуды. Упэўнены, што гэта дзякуючы вакцынацыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае