Ужо шосты раз дзятлаўчане разам, як адна вялікая дружная сям’я, адзначылі самае маладое дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Форум з гучнай назвай “Час – за нас!” сабраў у Цэнтры культуры і народнай творчасці кіраўніцтва раёна, ветэранаў працы, прадстаўнікоў грамадскасці, працоўных калектываў і самую яркую, таленавітую моладзь.

Дзятлаўчан павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Ад усёй душы віншую ўсіх з Днём народнага адзінства. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі тым, хто стаяў ля вытокаў уз’яднання Беларусі, успамінаем падзеі, якія дазволілі нам вярнуцца да сваіх каранёў, гісторыі і культуры. Менавіта дата 17 верасня вызначыла вектар нашага развіцця на многія гады наперад. Сёння мы маем магчымасць у міры і згодзе будаваць агульную будучыню на сваёй роднай зямлі. Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы. Вялікая ўдзячнасць кожнаму з вас за тое, што сваёй стваральнай працай вы робіце наш раён лепшым, дорыце яму часцінку сваёй любові, верныя традыцыям беларускага народа. Жадаю вам упэўнена рухацца наперад у сваім развіцці, няхай мір і згода пануюць у кожнай сям’і, а адзінства і патрыятызм заўжды будуць надзейнай апорай ва ўмацаванні нашай Радзімы.

Сёння важна, каб урокі гісторыі гучалі з вуснаў тых, хто захоўвае памяць пра найважнейшыя старонкі ў станаўленні краіны і перадае яе новаму пакаленню. Узгадала падзеі 1921 года – раздзяленне зямель, якія нанеслі значныя страты беларусам як народу, дэлегат Усебеларускага народнага сходу, дэпутат, дырэктар сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы Марына Нячай.

Старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Генадзь Суравец, чалавек, для якога паняцці абавязку, гонару і любові да Радзімы і яе абароны з’яўляюцца галоўным жыццёвым арыенцірам, зазначыў, што гэтае свята падкрэслівае непарыўную сувязь пакаленняў. І сёння жывая памяць, вернасць абавязку і любоў да Радзімы гараць у сэрцах нашай моладзі, якая з гонарам трымае раўненне на пакаленне пераможцаў.

Такія маладыя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй жывуць і ў нашым раёне, яны складаюць “залаты фонд” і інтэлектуальны патэнцыял Дзятлаўшчыны. Праз асабісты прыклад у вучобе, працы, валанцёрстве і захаванні гістарычнай памяці яны даказваюць гатоўнасць устаць на абарону сваёй краіны. Ад імя моладзі раёна павіншавалі землякоў са святам і расказалі, што значыць для іх адзінства, удзельнікі клуба “Мужнасць” з Казлоўшчынскай сярэдняй школы; лаўрэат Кнігі гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці Ангеліна Кароль; малады спецыяліст, прадстаўнік вядомай працоўнай дынастыі Дзятлаўскага раёна Дзіяна Крамянеўская.

У час канцэрта была засяроджана ўвага на тым, што галоўнай апорай і сэрцам народнага адзінства з’яўляецца моцная, дружная і верная традыцыям сям’я. І Дзятлаўшчыне сёння ёсць кім ганарыцца – гэта сям’я Лях, пераможца раённага і абласнога этапаў сёмага рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Бурнымі апладысментамі дзятлаўчане сустрэлі тых, хто праславіў наш раён на ўсю Гродзенскую вобласць, стаў яскравым прыкладам душэўнай цеплыні, згуртаванасці і непарушных традыцыйных каштоўнасцей.

– Паважаныя землякі! Святочны форум скончыўся, але наша адзінства працягваецца ў кожным новым дні, добрай справе і стваральнай працы! Няхай у вашых дамах заўсёды пануюць утульнасць, згода, дастатак і дабрабыт! Няхай квітнее наша любімая Дзятлаўшчына! З Днём народнага адзінства! І давайце трымацца разам! – пажадалі на развітанне вядучыя.

Святлана ГРЫШЫНА

Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #РАЗАМ #17Верасня #МЫедины #адзiннарод

Похожие публикации