Пышныя букеты, дзейсныя методыкі, цёплыя пажаданні, заслужаныя ўзнагароды, урачыстая атмасфера. У Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя кіруючых і педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны, якая была прысвечана Году беларускай жанчыны.

На ганку і ў фае настаўнікі і госці мелі магчымасць азнаёміцца з выставай творчасці і работай тэматычных секцый, праз якія ўстановы адукацыі раёна прэзентавалі свой лепшы вопыт.






У рабоце жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі сёлета паўдзельнічалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў, лідар раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня праўлення Гродзенскага аддзялення Беларускага дзіцячага фонда Галіна Курганская, прадстаўнікі райвыканкама, грамадскіх арганізацый, органаў прафілактыкі і нагляду.













Урачыстую праграму падрыхтавалі спецыялісты Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.




Багатым выдаўся гэты год на маладых спецыялістаў: настаўніцкую сям’ю Дзятлаўшчыны папоўніў дваццаць адзін выпускнік ВНУ і каледжаў. Ад педагагічнай грамадскасці раёна іх урачыста павітала настаўніца гімназіі № 1 горада Дзятлава, магістр гуманітарных навук Таццяна Ясюлевіч.



За пажаданні і цёплы прыём вопытным калегам ад імя моладзі падзякавала маладая настаўніца Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Лізавета Пугацэвіч.




Памятныя падарункі пачынаючым педагогам уручылі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.





Марына Лашкоўская прааналізавала вынікі мінулага навучальнага года, расказала аб стане сферы, абазначыла задачы:

– Новы навучальны год сістэма адукацыі раёна сустракае ў статусе ўладальніка трэцяга месца ў абласным рэйтынгу сярод раёнаў сваёй падгрупы. Яна мабільная і працаздольная. Прыняты неабходныя меры па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, падпісаны ўсе пашпарты гатоўнасці, транспарт мае допускі, прыбылі маладыя спецыялісты. Спынюся на важным: з увядзеннем школьнага стандарта, які вызначыў межы адказнасці кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, зменшылася колькасць зваротаў грамадзян і спрэчных сітуацый у рабоце ўстановаў адукацыі. Планамерна вядзецца работа па падрыхтоўцы кадраў як для сістэмы адукацыі, так і для іншых галінаў эканомікі раёна. Рашэнне па актывізацыі работы класаў прафесійнай скіраванасці дае свой плён: навучэнцы паказваюць больш высокія балы па профільных прадметах на ЦЭ і ЦТ, усвядомлена выбіраюць прафесію (каля 70 % выпускнікоў інжынерных класаў паступілі на адпаведныя спецыяльнасці). Сёлета на сем павялічылася і дасягнула чатырнаццаці колькасць выпускнікоў, якія заключылі мэтавыя дагаворы на запатрабаваныя ў раёне спецыяльнасці. Надалей стаіць задача забяспечыць стопрацэнтнае паступленне навучэнцаў профільных класаў. Шмат увагі ў раёне надаецца замацаванню маладых педагогаў на першым рабочым месцы, цяпер гэта лічба складае 64 %, але яна ніжэйшая за сярэднеабласную. Сярод задач на новы навучальны год у сістэме дашкольнай адукацыі – забяспечыць гнуткасць графікаў работы ўстановаў ранкам і ў вячэрнія гадзіны, якасна ўкараняць новы адукацыйны стандарт. Што тычыцца дасягненняў, упершыню за сем гадоў атрыманы дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, прыбавілі адзін дыплом – на абласным этапе, станоўчая дынаміка і на конкурсе “Крыштальная Альфа” – дзевяць дыпломаў. Каб утрымаць гэту планку, ставіцца канкрэтная задача па бесперабойным развіцці прафмайстэрства педагогаў і ўкараненні сучасных адукацыйных тэхналогій. Для гэтага рэсурсныя цэнтры адкрываюцца на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава і Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Увага будзе нададзена таксама якасці падрыхтоўкі выпускнікоў да цэнтралізаваных іспытаў.

Марына Яўгеньеўна падзякавала педагогам за плённую работу ў мінулым годзе і за трэцяе месца ў абласным рэйтынгу якасці адукацыі. Словы ўдзячнасці за важкую падтрымку выказала кіраўніцтву, спонсарам, бацькам вучняў, службам раёна.

Вопытам прафарыентацыйнай работы з калегамі падзялілася дырэктар установы, занесенай на раённую Дошку гонару, – гімназіі № 1 горада Дзятлава Вераніка Фабішэўская.


Як ператварыць экалагічныя праекты навучэнцаў у рэальны інструмент умацавання Беларусі, расказала педагог сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Наталля Белаус.


Сваім паспяховым вопытам пераўтварэння з маладога спецыяліста ў педагога, які ўпэўнена дэманструе прафесійныя дасягненні, падзялілася настаўніца Хвінявіцкай сярэдняй школы Ангеліна Кароль.



– Сістэма адукацыі раёна захавала даступнасць і якасць адукацыі, падтрымлівае бяспечныя і сучасныя ўмовы для дзяцей, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Сфера заўжды застаецца ў цэнтры ключавой увагі выканаўчай улады, бо інвестыцыі ў школу – гэта інвестыцыі ў будучыню і кадравы патэнцыял. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных установаў сёлета затрачана каля 900 000 рублёў бюджэтных сродкаў. Безумоўна, галоўным паказчыкам іх работы з’яўляюцца вынікі дзяцей, за якімі стаяць настаўнікі. Летась на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі навучэнцам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Уладзіславам Юрэнем (настаўніца Алена Саўчыц) заваяваны дыплом ІІ ступені. Навучэнка гэтай жа школы Лізавета Дварчанін прынесла перамогу на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару з настаўніцай Вольгай Роўба. Стабальных вынікаў на ЦЭ дасягнулі гімназісты, якіх рыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Ясюлевіч. Сёння, як ніколі, Дзятлаўшчыне патрэбны прафесійныя кадры ў сельскай гаспадарцы і вытворчай сферы, таму важна развіваць падобныя профільныя класы. Педагагічны калектыў Дзятлаўшчыны – гэта вялікая стваральная сіла, і я ўпэўнены, што вашы прафесіяналізм, мудрасць, цярпенне дапамогуць у вырашэнні ўсіх пастаўленых задач.

Ганаровыя граматы райвыканкама ад кіраўніка раёна атрымалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Галіна Ермачэнка, настаўнік Дварэцкай сярэдняй школы Віталь Халюкоў, дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук. Падзячныя лісты райвыканкама – сацыяльны педагог Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна Марыя Міхайлоўская, настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Таццяна Някрэвіч, настаўнік Казлоўшчынскай сярэдняй школы Мікалай Юрчык.






Да віншаванняў далучыўся і ўручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў яго старшыня Аляксандр Бараноўскі. Ганаровай граматай адзначаны дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Канавалік, падзячнымі лістамі – настаўніца Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алена Жых, настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Святлана Ванчук.







Пачэсную ўзнагароду дзіцячага фонда – прэмію “Сябар дзяцей” галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі райвыканкама Алене Чайкоўскай перадала Галіна Курганская. Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначаны дырэктар гімназіі № 1 горада Дзятлава Вераніка Фабішэўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна Наталля Капковіч, граматамі ўпраўлення – настаўнікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Ніна Жых і Фёдар Бойка, выхавальніца дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава Галіна Лішык, настаўніца Вензавецкай базавай школы Людміла Лапата.







Прыемную місію ўзнагароджання прадоўжыла Марына Лашкоўская.


























У знак удзячнасці за педагагічную працу на сцэну ўрачыста вынеслі кветкі для работнікаў сферы ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага. Яркую віншавальную канцэртную паштоўку падрыхтавалі лаўрэаты абласнога фестывалю-конкурсу “Таленты Прынямоння-2026”.




Сейбітам разумнага, добрага, вечнага пажадалі, каб новы навучальны год прынёс унутраную гармонію, радасць ад кожнага дня і бясконцы гонар за выбраную прафесію.
Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины