Бяспека ў дзеянні

У выхаваўча-аздараўленчым дзённым летніку “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы адбыўся тэматычны дзень “Бяспека і прырода: гармонія жыцця”. Мерапрыемства аб’яднала практычныя заняткі па бяспецы з экскурсійнай праграмай, дазволіўшы выхаванцам не толькі атрымаць важныя веды, але і ўбачыць працу службаў выратавання і прыродных арганізацый знутры.

Супрацоўнікі раённага аддзела МНС і актывісты Таварыства Чырвонага Крыжа арганізавалі для выхаванцаў інтэрактыўную праграму “Спецатрад 112”, у рамках якой ратаўнікі на канкрэтных прыкладах разабралі з дзецьмі правілы бяспекі на вадзе, у побыце і наступствы дзіцячых свавольстваў з агнём.

Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа правялі майстар-клас “Першая дапамога”, дзе на манекене паказалі алгарытм дзеянняў пры аказанні дапамогі пацярпелым.

У ДТСААФ школьнікі сустрэліся з інструктарамі, прагледзелі навучальныя відэаролікі і атрымалі магчымасць пасядзець у аўтамабілях.

У лясгасе юныя наведвальнікі азнаёміліся з лясной тэхнікай, а на маніторах камп’ютараў убачылі карту лясных угоддзяў раёна і даведаліся аб функцыянале кожнай машыны.

Фінальнай кропкай маршруту стаў пляж, дзе адбылася сустрэча з супрацоўнікамі РАНС і АСВОД. Дзеці навучыліся правільна карыстацца выратавальнымі камізэлькамі і кругамі, атрымалі рэкамендацыі па паводзінах на вадаёмах, а затым замацавалі тэорыю практыкай – каталіся на катамаранах і плавалі.

Крок да поспеху пачынаецца

Традыцыйнай у палатачным выхаваўча-аздараўленчым летніку “Экатурыст” Круцілавіцкай базавай школы стала інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Крок да поспеху”. На сустрэчу з выхаванцамі прыйшлі выпускніцы школы Вераніка Адамчык і Ксенія Піваварчык.

Малады спецыяліст Вераніка працуе бухгалтарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве ААТ “Граніт-Агра”. Яна расказала школьнікам пра свой шлях да поспеху: вучоба ў аграрным класе школы,  Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, работа бухгалтарам. Дзеці даведаліся, якія бонусы ёсць у маладых спецыялістаў на гэтым прадпрыемстве, што работа ў вёсцы таксама можа быць цікавай, ёсць шмат магчымасцей удзельнічаць у конкурсах, семінарах, спартыўных спаборніцтвах, павышаць кваліфікацыю на розных курсах.

Ксенія – будучы журналіст, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Расказала пра паступленне і вучобу ва ўніверсітэце, практыку ў раённай газеце “Перамога”, у рэкламнай кампаніі ў Гродне, пра тое, чаму можна навучыцца, атрымліваючы прафесію журналіста.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации