Неабдуманыя ўчынкі дзяцей і дарослых

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама было прысвечана прыняццю рашэнняў па адміністрацыйных справах на непаўналетніх і іх бацькоў за невыкананне абавязкаў па наглядзе да дасягнення дзецьмі ўзросту адказнасці, што прывяло да ўчынення падлеткамі правапарушэнняў. Выключэннем стаў аналіз па гарачых слядах сям’і, дзе школьнік знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а маці дапусціла п’яныя прагулы на рабоце і праігнаравала мінулы заклік на пасяджэнне камісіі. 

Матацыкл забралі на штрафстаянку

Непаўналетнія аматары сесці за руль без вадзіцельскага пасведчання трапляюць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама як мінімум раз на год, праўда, абставіны ў такіх правапарушэнняў розныя. На гэты раз разгледзелі паводзіны навучэнца каледжа, які сеў на матацыкл і “зарабіў” ад дзяржаўтаінспектараў адразу тры адміністрацыйныя пратаколы: за ваджэнне без пасведчання, удзел у дарожным руху без допуску тэхагляда і за адсутнасць страхоўкі на двухколавы транспарт.

Як расказаў сам юнак, матацыкл ён сабраў самастойна. Напярэдадні дамовіўся з сябрам, у якога ёсць вадзіцельскае пасведчанне, каб прайшоў тэхагляд на яго транспартным сродку, а для гэтага вырашыў самастойна “зганяць” на мыйку. Па дарозе туды і быў спынены праваахоўнікамі. Так “жалезны конь” трапіў на штрафстаянку, а мара стаць законным вадзіцелем азмрочылася непрыемнай сітуацыяй.

Маці хлопца расказала, што яны сапраўды збіраюцца ехаць здаваць іспыты для атрымання пасведчання катэгорыі А1. Да гэтага падлетку было забаронена садзіцца за руль, аднак у злашчасны дзень жанчыны дома не аказалася, і забарона была парушана.

Перад членамі камісіі хлопец раскаяўся ва ўчынку, аднак з-за яго неабачлівасці сям’і давядзецца плаціць за штрафстаянку. Паколькі навучэнец каледжа стыпендыі не атрымлівае і ўласнага даходу не мае, як і адміністрацыйных правапарушэнняў падобнага характару, то на першы раз яго папярэдзілі без пакарання штрафам. Тым не менш, з хлопцам будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а ў сям’і з-за яго ўчынка пройдзе сацыяльнае расследаванне. Пры паўторным на працягу года парушэнні важкага штрафу ўжо будзе не пазбегнуць.

Забаронены пляж будуць правяраць часцей

У час маніторынгу адказных службаў на возеры ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына быў затрыманы непаўналетні купальшчык – навучэнец мясцовай школы. На яго маці з-за недасягнення сынам узросту адказнасці складзены адміністрацыйны пратакол.

Хлопец ведаў, што лезці ў ваду ў гэтым месцы забаронена, тым больш што побач знаходзілася адпаведная шыльда, аднак жаданне прахаладзіцца ў спякотны дзень перамагло.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх юнак сваю віну пацвердзіў, хаця дакладна і не мог патлумачыць, чаму рашыўся на парушэнне, хутчэй за ўсё, спадзяваўся на славутае “а вось пашчасціць”. Як прызнаўся, да гэтага неаднаразова назіраў, што купаліся ў возеры і іншыя людзі.

Падлетку і яго маці нагадалі, што літаральна год таму на гэтым водным аб’екце амаль не адбылася трагедыя: у ваду выпадкова ўпала дзяўчынка. Каб не старэйшая школьніца, дзіця магло патануць.

Юнак характарызуецца станоўча, ён пастаянны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў, часта адстойвае гонар сваёй навучальнай установы. З улікам добрай характарыстыкі сына і таго, што парушэнне ён учыніў упершыню, маці купальшчыка папярэдзілі без пакарання штрафам, аднак у іх сям’і пройдзе сацыяльнае расследаванне.

Паколькі пацвердзіліся звесткі, што забаронены пляж прадаўжае карыстацца папулярнасцю, правяраць яго на працягу цёплага сезона будуць значна часцей.

Малое на веласіпедзе – да бяды недалёка

На абодвух бацькоў непаўналетняга, якому няма 14-ці гадоў, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за тое, што дапусцілі сітуацыю, калі іх дзіця на веласіпедзе самастойна каталася па адной з цэнтральных вуліц горада Дзятлава і магло стаць ахвярай дарожнага здарэння.

Як высветлілася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, раней школьнік садзіўся на веласіпед толькі ў двары жылога дома, аднак потым пачаў выязджаць і на вуліцы горада. Бацькі ўжо правялі з сынам размову, чаму нельга так рабіць, ён і сам паабяцаў членам камісіі не дапускаць падобных парушэнняў у далейшым. Абодвум дарослым вынесены папярэджанні без накладання штрафу, таксама ім патлумачылі, што за паўторнае на працягу года парушэнне сына пакаранне стане грашовым, іншага заканадаўствам не прадугледжана.

Куды паляцелі яблыкі?

Самастойныя прагулкі дзяцей не заўжды заканчваюцца шчасліва. Кампанія з трох навучэнцаў, двое з якіх браты, знайшла для сябе небяспечны занятак. Ідучы па адной з вуліц райцэнтра, хлопчыкі рашылі пакідаць яблыкі на падворак жылога дома. З-за іх актыўнасці на лінію 102 звярнулася жанчына, якая паведаміла праваахоўнікам аб супрацьпраўных паводзінах школьнікаў.

Чырванець на камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама давялося матулям юных хуліганаў. Як высветлілася, адзін з іх ужо дасягнуў узросту адказнасці, а двое братоў – не, таму іх маці ўдвая было сорамна за паводзіны сыноў, бо менавіта на яе склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Дабіцца ад дзяцей, хто стаў галоўным ініцыятарам дрэннага ўчынку, аказалася складана, як і тое, чаму менавіта гэты падворак выбралі для “бамбардзіроўкі”. Ці думалі школьнікі, што могуць разбіць акно або нанесці шкоду жывёле і людзям, цяжка сказаць, затое іх забавы трапілі на відэа, якое паслужыла галоўным доказам для міліцыі.

Члены камісіі і дырэктар навучальнай установы дэталёва патлумачылі юным парушальнікам магчымыя наступствы іх учынку, нагадалі, што старэйшы хлопец ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў.

Як ні дзіўна, летняя занятасць для гэтых навучэнцаў забяспечана, аднак яны ўсё роўна знаходзяць час для сумніўных прагулак. Цяпер з усімі трыма будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а ў сем’ях пройдуць сацыяльныя расследаванні. Паколькі старэйшы хлопец нядаўна быў у працоўным атрадзе і зарабіў свае першыя грошы (дарэчы, працаваў сапраўды старанна, не ўхіляўся ад спраў), то гэта расцэньваецца як уласны даход, таму і пакаранне ў яго – штраф у памеры палавіны базавай велічыні. З аднаго боку, крыўдна, што давядзецца так непрыемна патраціць першы заробак, а з другога – жыццё дало сапраўдны ўрок пра тое, што неабдуманыя ўчынкі дорага каштуюць.

Маці двух братоў з улікам складанага матэрыяльнага стану сям’і на першы раз вынесена папярэджанне.

Сілы волі хапіла ненадоўга

Выклік на мінулае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама праігнаравала жанчына, якая гадуе сына-старшакласніка. Раней з-за згубнай цягі маці да алкаголю хлопца прызнавалі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Потым на пэўны час сітуацыя ў сям’і стабілізавалася, маці ўзяла сябе ў рукі, прайшла лячэнне ў стацыянары, працавала. На жаль, сілы волі ў яе хапіла ненадоўга. Калі былая аматарка спіртнога не прыйшла па запрашэнні, члены камісіі забілі трывогу і патэлефанавалі ёй на мабільны нумар. Трубку жанчына ўзяла, заадно прызналася, што вярнулася да згубнай звычкі, прагуляла работу. На яе адрас неадкладна выехалі спецыялісты службаў прафілактыкі. Медыцынскае асведчанне паказала 2,8 праміле алкаголю. Ёй строга загадалі на наступны дзень звярнуцца па дапамогу да доктара-нарколага. Туды не дайшла, замест гэтага паспрабавала прыйсці на размову да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх, аднак з прапускнога пункта райвыканкама міліцыя зноў даставіла яе на асведчанне, якое паказала 1,16 праміле. Быў складзены адміністрацыйны пратакол за нецвярозае знаходжанне ў грамадскім месцы.

На новае пасяджэнне жанчына нарэшце прыйшла, аднак вакол яе зноў панаваў падазроны шлейф “водару залежнасці”. На пытанні членаў камісіі, чаму не цэніць магчымасці гадаваць сына самастойна, толькі паціскала плячыма і клялася выправіцца. Познім клятвам спецыялісты не паверылі, аднагалосна прынялі рашэнне аб чарговым прызнанні хлопца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Маці папярэдзілі, што цяпер яна знаходзіцца за крок да пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Вадзім БЯЛЯТКА,

старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

Святлана ЗАЛУЧАН,

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,

намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Ірына СТЫРНІК,

карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga                  

Похожие публикации