15 ліпеня на сайце газеты “Перамога” выйшаў артыкул “Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку”, які 22 ліпеня быў размешчаны ў № 55 “раёнкі”.
У ім друкавалася інфармацыя аб тым, якую сезонную прадукцыю ад насельніцтва прымае Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, у тым ліку аб тым, што “для дзіцячага харчавання ад людзей прымаюць вішню”.
На днях у рэдакцыю газеты патэлефанавала жыхарка раёна, якая расказала, што на нарыхтоўчым пункце сабраную вішню ў яе не прынялі.
Чаму так здарылася і якія ягады можна здаваць у нарыхтоўку, расказаў начальнік аддзела нарыхтовак Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Уладзімір Барыла:
– Гродзенскае аблспажыўтаварыства сапраўды прымала ад насельніцтва вішню, аднак у абмежаваных аб’ёмах. Нарыхтоўшчыкам былі даведзены канкрэтныя лічбы. Ураджай вішань у гэтым годзе вялікі, таму неабходны аб’ём ягады быў вельмі хутка забяспечаны, прымаць яе адразу ж перасталі. Менавіта па гэтай прычыне адмовілі жыхарцы раёна.
На 29 ліпеня Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства прымае ў насельніцтва ачышчаныя (абавязковае патрабаванне) чарніцы ў неабмежаваным аб’ёме. Каб даведацца пра цэны і абмеркаваць іншыя акалічнасці, якія могуць хваляваць людзей, усе жадаючыя прывезці свае нарыхтоўкі могуць загадзя звязацца з вядучым спецыялістам па нарыхтоўках, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынках нашага філіяла па нумары 6-84-74 або з нарыхтоўчым пунктам у Дзятлаве па вуліцы Слонімскай, 33А па нумары 6-83-55(з 10 да 14 гадзін) і даведацца, ці ажыццяўляецца нарыхтоўка.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga