Тысячу тон зерня новага ўраджаю перавезлі чатыры вадзіцелі гаспадаркі – Казімір Рысюк, Леанід Бутэнка, Міхаіл Нагорны і Яўгеній Хоміч. Яны прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, сельвыканкама, свайго сельгаспрадпрыемства, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый.

Словы ўдзячнасці за працу хлебаробам выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Надвор’е сёлета не радуе аграрыяў, тым не менш некалькі сонечных дзён дазволілі плённа папрацаваць на жніве і паказаць першыя важкія вынікі. На сёння ўбрана каля 20 тысяч тон збожжа разам з рапсам пры ўраджайнасці зерневых культур больш за 40 цэнтнераў з гектара, рапса – 33 ц/га, ільвіная доля з іх, а гэта каля 5 тысяч тон збожжа, – уклад ААТ “Граніт-Агра”. Заканамерна, што першыя тысячныя вынікі належаць работнікам вашага сельгаспрадпрыемства, і традыцыйна яны – сярод вадзіцеляў. Такія дасягненні – вынік добрай арганізацыі працэсу, падрыхтоўкі тэхнікі, прафесійнай работы камбайнераў, кіраўніцтва арганізацыі, спецыялістаў, інжынернай службы. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кожнаму з вас і пажадаць хуткай, эфектыўнай уборачнай кампаніі з сонечнымі днямі і высокім намалотам, здароўя, цярпення, дабрабыту. Упэўнены, што яшчэ не аднойчы будзе нагода адзначыць вашу працу і дасягненні.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў галоўным героям жніва заслужаныя ўзнагароды.

Да словаў віншавання далучыўся старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, які ўзнагародзіў вадзіцеляў-тысячнікаў вымпеламі лідараў жніва.

– Сёння ў лідарах – вопытныя вадзіцелі, прафесіяналы сваёй справы. Тым больш прыемна, што ў іх ліку – прадстаўнік моладзі Дзятлаўшчыны, які не саступае старэйшым калегам у майстэрстве, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Яна павіншавала тысячнікаў з узяццем першага сімвалічнага рубяжа і ўручыла падарунак маладому вадзіцелю Яўгенію Хомічу.

Да сваіх работнікаў звярнуўся дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Лашко:

– Ад усяго сэрца віншую вас з першай перамогай. Ураджай вырашчаны багаты, таму іх яшчэ будзе нямала. Шчыра жадаю моцнага здароўя, мірнага неба і задавальнення ад плёну працы.

Вадзіцелі-тысячнікі атрымалі грашовыя прэміі ад адміністрацыі і каштоўныя падарункі ад прафсаюзнага камітэта прадпрыемства, сімвалічныя букеты з каласоў новага ўраджаю.

Таксама ўшанаваў перадавікоў і ўручыў ім падарункі старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч. Цёплыя словы і добрыя песні хлебаробам падарылі артысты Дзятлаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации