Тэма
Дзяржава гарантуе маладым спецыялістам ільготы і прэферэнцыі
Праблема
Як і на якіх умовах імі можна скарыстацца?
Слова спецыяліста
Таццяна Дорда, начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення пра працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– Маладым спецыялістам у нашай краіне прызнаюць выпускнікоў, якія працуюць на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні, пераразмеркаванні, накіраванні, перанакіраванні на работу.
У месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора наймальнік выплачвае маладому спецыялісту аднаразовую грашовую дапамогу, памер якой залежыць ад адукацыі. Тым, хто атрымаў вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, выплачваецца сума ў памеры месячнай стыпендыі (як у апошнім семестры), калі стыпендыі не было – у памеры сацыяльнай стыпендыі. Будучым педагагічным работнікам аднаразовую выплату ажыццяўляюць не пазней за выдачу ім пасведчання аб накіраванні на работу. Маладыя спецыялісты ці служачыя з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй могуць разлічваць на суму ў памеры тарыфнай стаўкі, тарыфнага аклада, аклада.
Права атрымаць кампенсацыю ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць ёсць у выпускнікоў, якім месца работы прадастаўлена па размеркаванні, за кошт броні, накіравання на работу не па месцы жыхарства. Гэта аднаразовая выплата ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі, тарыфнага аклада, аклада. Калі на ўтрыманні такога маладога спецыяліста ёсць члены сям’і, якія пераехалі разам, то на кожнага з іх можа быць выплачана адна чвэрць ад сумы дапамогі, выплачанай на самога работніка. Паводле часткі 1 артыкула 96 Працоўнага кодэкса кампенсаваць яшчэ могуць кошт праезду і правозу маёмасці, сутачныя (за час у дарозе).
Для стымулявання, прываблівання, замацавання ў наймальнікаў маладых спецыялістаў з 1 студзеня 2024 года маладыя работнікі і служачыя, якія атрымалі вышэйшую, навукова-арыентаваную, сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю, маюць права на дадатковы стандартны падатковы вылік па падаходным падатку. У 2026 годзе яго памер 860 рублёў у месяц. Акрамя таго, пасля заканчэння работы вылік прадаўжае прадастаўляцца на працягу сямі гадоў з даты заканчэння маладым спецыялістам навучальнай установы пры падаўжэнні працоўных адносінаў з наймальнікам, у якога праходзіла абавязковая адпрацоўка.
Маладым спецыялістам, якія працуюць у бюджэтных арганізацыях, акрамя аднаразовых, устанаўліваюцца таксама штомесячныя выплаты ў выглядзе надбавак і даплат, памеры якіх залежаць ад сферы дзейнасці: для Мінадукацыі і культуры – 20-45 % ад аклада, Мінспорту – 10-50 %, Мінпрацы – 20 %, Міністэрства аховы здароўя – 20-50 %, Мінлясгаса – 10 %, аграпрамысловага комплексу – адной базавай стаўкі.
Выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на работу, прыбывае на месца не пазней за тэрмін, пазначаны ў накіраванні і адпрацоўвае пазначаны ў ім тэрмін абавязковай работы. Выпускнікам, якія накіраваны на работу, як і тым, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, пры выдачы дакументаў аб адукацыі выдаецца пасведчанне аб накіраванні на работу.
У месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора на работу наймальнік абавязаны накіраваць ва ўстанову адукацыі пацвярджэнне аб прыбыцці маладога спецыяліста. Яно высылаецца заказной карэспандэнцыяй са зваротным паведамленнем.
Памятка
Да заканчэння абавязковага тэрміну работы малады спецыяліст не можа быць звольнены па ўласным жаданні ці згодзе бакоў або пераведзены на работу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй. Працоўныя адносіны з ім спыняюцца толькі ў наступных вападках: пры паступленні на дзённую форму навучання для павышэння ўзроўню адукацыі; пераходзе на выбарную пасаду; ліквідацыі арганізацыі; скарачэнні штату; неадпаведнасці пасадзе па стане здароўя; за грубыя дысцыплінарныя ўчынкі (прагул, ужыванне алкаголю на працоўным месцы, іншыя). Пры звальненні маладога спецыяліста па любой з прычын наймальнік пісьмова павінен у 15-дзённы тэрмін паведаміць аб гэтым ва ўстанову адукацыі.
Пакет дакументаў для працаўладкавання
- дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт);
- дакумент воінскага ўліку (для ваеннаабавязаных);
- дакумент аб адукацыі ці навучанні;
- даведка аб накіраванні на работу;
- накіраванне на работу за кошт броні для асобных катэгорый работнікаў;
- медыцынская даведка аб стане здароўя;
- індывідуальная праграма рэабілітацыі, абілітацыі інваліда (інвалідам);
- іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.
Важна
У тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ўваходзяць перыяд ваеннай службы па прызыве ці кантракце, служба ў рэзерве і альтэрнатыўная служба, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці.
Даведка
Маладыя спецыялісты ў Беларусі маюць права стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў па месцы работы ці рэгістрацыі, а таксама прэтэндаваць на першачарговае атрыманне арэнднага жылля і грашовыя кампенсацыі ад наймальніка за арэнду кватэры.
Наймальнік павінен
- прыняць маладога спецыяліста на работу, згодна з пасведчаннем аб накіраванні;
- заключыць працоўны дагавор (кантракт) у пісьмовай форме і аформіць загадам;
- не ўстанаўліваць выпрабавальны тэрмін;
- пад роспіс азнаёміць са службовай інструкцыяй, умовамі працы і аплаты, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўным дагаворам;
- правесці ўводны інструктаж па ахове працы;
- аформіць працоўную кніжку (на першым месцы работы) ці ўнесці ў яе адпаведныя звесткі;
- аформіць і выдаць страхавое пасведчанне (на першым месцы работы);
- патлумачыць правы і абавязкі работніка.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga