Бяспецы людзей на працы, дома і ў час адпачынку быў прысвечаны чарговы сельскі сход, які прайшоў у аграгарадку Войневічы з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык расказаў аб пажарнай сітуацыі на Гродзеншчыне і Дзятлаўскім раёне, засяродзіў увагу на актуальных пытаннях прафілактыкі:

– З пачатку года ў Беларусі зарэгістравана 459 пажараў, на якіх загінулі 34 чалавекі, у раёне адбылося 23 пажары з двума загінулымі. У абодвух выпадках гібелі прычынай стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Стартавала інфармацыйная кампанія па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Для таго, каб засцерагчы сябе ад бяды, абавязкова ўстанавіце дома АПА, таксама пракантралюйце работу прыбора ў сваіх пажылых бацькоў.

Сяргей Сяргеевіч нагадаў прысутным правілы паводзінаў на вадаёмах, пра тое, што на Дзятлаўшчыне толькі два дазволеныя месцы для купання: пляж у горадзе Дзятлаве і на тэрыторыі санаторыя “Радон”. Ён заклікаў бацькоў размаўляць з дзецьмі на тэму пажарнай бяспекі і паводзінаў у час летніх канікулаў, расказаў аб фактах свавольства непаўналетніх, якія стварылі праблемы для навакольных грамадзян і ў выніку атрымалі сваю прававую ацэнку.

Тэму баўлення вольнага часу дзяцей на канікулах прадоўжыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. Яна нагадала, што менавіта ў летні перыяд фіксуецца значны рост здарэнняў з удзелам непаўналетніх. Тое, што пачынаецца як гульня або жарт, часам можа перарасці ў надзвычайную сітуацыю, нанесці шкоду людзям і маёмасці і скончыцца пакараннем. У выпадку, калі парушальнік парадку не дасягнуў 14-гадовага ўзросту, увесь груз адказнасці кладзецца на плечы бацькоў. Алена Анатольеўна засяродзіла ўвагу на тым, што па-ранейшаму вялікай застаецца лічба ненадзейных сем’яў: 

– На сёння 30 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 80 дзяцей, прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Прычынамі пастаноўкі на ўлік і адкрыцця расследавання ў адносінах да сям’і могуць стаць як супрацьзаконныя паводзіны людзей, так і правіны саміх бацькоў. Напрыклад, пратакол за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення – адназначная прычына для гэтага. Таксама калі ў час рэйдавых мерапрыемстваў мы бачым, што для жыцця і вучобы дзяцей дома не створаны бяспечныя ўмовы жыцця.

Аб правілах бяспекі карыстання газам, неабходнасці своечасова правяраць  работу газавага абсталявання і тое, што падключаць і адключаць такія прыборы маюць права толькі спецыялісты, нагадаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар

– Помніце, што кожны жыхар раёна можа атрымаць псіхалагічную і іншую падтрымку ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, для гэтага дастаткова пазваніць на тэлефон даверу, – адзначыла ў сваім выступленні псіхолаг цэнтра Алена Макоўская.

Да набалелай, але не менш важнай тэмы кіберзлачынстваў звярнуўся ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Віталь Грышук. Ён нагадаў асноўныя вядомыя алгарытмы і схемы работы інтэрнэт-махляроў, заклікаў грамадзян быць уважлівымі і не перадаваць асабістую інфармацыю праз месенджары і паведамленні.

Вадзім Бялятка падвёў вынік размовы, спыніў увагу на ключавых момантах:

– Праблема кіберзлачыннасці не губляе сваёй актуальнасці: больш за палову злачынстваў, зарэгістраваных у раёне, учыняюцца ў сетцы інтэрнэт і па тэлефоне. Ахвярамі часта становяцца пажылыя людзі. Таксама нярэдка кіберпрастора становіцца пляцоўкай для тых, хто звонку імкнецца ўмяшацца ў палітыку і дзяржаўны лад нашай краіны. Вы самі бачыце, што жыццё ў Беларусі стабільнае і спакойнае, мы маем магчымасць працаваць, сацыяльную дапамогу, маем трывалае сёння і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. На тэрыторыі несяброўскіх нам дзяржаў працуюць цэлыя службы, закліканыя праз інтэрнэт-прастору дэзынфармаваць беларусаў, наўмысна і непраўдападобна стварыць негатыўны імідж арганізацыям і дзяржаўным структурам. Заклікаю вас, паважаныя землякі, сёння, у час даступнасці і багацця інфармацыі крытычна ставіцца да любых навінаў, узважваць, пераправяраць з розных крыніц, каб не падмануцца і трапіць у непрыемную сітуацыю па сваёй неабачлівасці. Такі самы прыклад падавайце вашым дзецям, значная частка жыцця якіх звязана з інтэрнэтам.

Таксама Вадзім Аляксандравіч звярнуўся да вострай праблемы крадзяжоў, у тым ліку ўчыненых работнікамі сельгаспрадпрыемстваў, прафілактыкі п’янства на рабочым месцы. На жаль, такія факты фіксуюцца ў нашым раёне і цяпер, у час уборачнай кампаніі. Па кожным з выпадкаў вядзецца расследаванне, вінаватыя адкажуць па законе.

– Жыць праўдзіва і працаваць сумленна – гэта ў беларусаў закладзена на генетычным узроўні, – нагадаў Вадзім Бялятка. – Пацвярджайце гэта правіла, а не старайцеся абысці закон, бо любое злачынства ў выніку будзе пакарана ў рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі сельскага сходу атрымалі буклеты па прафілактыцы пажараў і эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации