Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць свае яшчэ не зусім журналісцкія сілы на патрыятычным мерапрыемстве, у палях сельгаспрадпрыемстваў, праваслаўным саборы і іншых месцах. А сёння па новым заданні галоўнага рэдактара я накіравалася на адзін працоўны дзень з моладзевым студэнцкім атрадам. Раніца пачалася каля будынка гімназіі № 1 горада Дзятлава. Удзельнікі студатрада сабраліся да адпраўкі. Каля дзевяці гадзін раніцы прыехаў аўтобус Дзятлаўскага лясгаса, мы хуценька занялі ў ім месцы.

На лясной паляне нас сустрэў ляснічы Вензавецкага лясніцтва Дзмітрый Ваніслаўчык. Ён правёў інструктаж па ахове працы, размеркаваў заданні і выдаў моладзі інвентар.

Удзельнікі прыступілі да працы. Іх асноўная задача – праполка пустазелля і фарміраванне прыствалавых кругоў вакол маладых дрэў. Адлегласць паміж саджанцамі вытрымліваецца каля метра. Праца арганізуецца па радах, у групах па два чалавекі.

У сярэдзіне дня прадугледжаны перапынак на абед. Хлопцы і дзяўчаты адпачывалі, абедалі, жартавалі.

А я тым часам звярнулася да Дзмітрыя Часлававіча па каментарый:

– Мы знаходзімся на лесанасеннай плантацыі Вензавецкага лясніцтва, квартал 262. Увесь участак складае 12 гектараў. Цяпер тут высаджана 700 дрэў, будзе яшчэ дасаджвацца 500. Гэта плантацыя елкі еўрапейскай, на якой у будучыні будзем збіраць насенне. Цяпер дапамагаюць праполваць і рабіць прыствольныя кругі школьнікі, абітурыенты і студэнты – так званы студатрад. Хлопцы і дзяўчаты выконваюць каласальны аб’ём работы. Выказваю ім вялікую падзяку ад сябе і ад калектыву лясніцтва.

Камандзір атрада Мацвей Глускі расказаў, як трапіў у сюды:

– Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык запрасіла мяне ў студэнцкі атрад. Прапанавала работу на 10 дзён на базе лясгаса. Я згадзіўся – мне цікава папрацаваць у моладзевай кампаніі. Прыйшоў у камітэт, падпісаў дакументы, аформілі дагавор. Кожны дзень нас забірае аўтобус, мы прыязджаем на ўчастак і займаемся праполкай маладых насаджэнняў елкі.

Сваімі эмоцыямі падзяліўся адзін са студатрадаўцаў Улад Славіцкі:

– Я сюды таксама трапіў праз БРСМ. Вельмі рады, што атрымаю заробак. Планую набыць хакейную клюшку і форму. Каманда ў нас класная, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго.

Па заканчэнні работ дружная каманда Мацвея здала інвентар і стомленая, але з усмешкамі, на аўтобусе адправілася дадому. А я – здаваць у друк матэрыял пра адзін дзень са студатрадам.

Ксенія МІКЛАШ,

студэнтка ГРДУ імя Я. Купалы, практыкантка газеты “Перамога”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации