Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне (ДУ “НГАБ” г. Гродна) захоўваюць звесткі з гісторыі вёсак Дзятлаўшчыны, трэба толькі ўчытацца ў іх. Дык давайце выправімся ў архіўна-гістарычнае падарожжа.

Вёска Малдуці. Адзіная яе вуліца працягам болей за кіламетр кіруе ад асфальтавай шашы Дзятлава-Навагрудак у бок вёскі Змяёўцы. Некалі вуліца была забрукавана неапрацаваным каменем, што ёсць неаспрэчным сведчаннем тымчасовай цывілізацыі. Але наступнага тэхнічнага прагрэсу брукаванка не вытрымала. Пад коламі цяжка нагружаных трактароў-машын камяні праселі, і ўтварыліся глыбокія каляіны. Колькі гадоў таму праблему праезда часткова вырашылі гравійнай падсыпкай.

У 1878 годзе Малдуці налічвалі 27 двароў, меўся адзін магазін. У 1905 годзе ў вёсцы жылі 192 душы. Па дадзеных “Вікіпедыі” станам на 2009 год засталося 58 жыхароў.

У 1890 годзе паводле “Списка селений неправильно наименованных на трехверстной военно-топографической карте Гродненской губернии Слонимского уезда Дятловской волости” была ўдакладнена рускамоўная назва вёскі: не “Молдуть”, а “Молдуци”. У апошнім варыянце тапоніма зважаем на літару “ц”, якая замяніла ранейшую “т”. Перад намі яскравае сведчанне беларускамоўя тутэйшых жыхароў і яго вырашальнага ўплыву на рускамоўных картографаў. Вусная моўная стыхія змусіла рабіць пісьмовую праўку.

Наступную памылку трэба выпраўляць ужо сучаснікам. Трактоўка назвы вёскі ад словаў “молад і малажаны, малдуці – маладажоны”, якая пададзена ў кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён”, памылковая. Па-праўдзе, вёска набыла назву ад рачулкі Молдзя, пра якую ёсць сведчанні з XVII стагоддзя. Рэшткі тагачаснай рачулкі сёння прасочваюцца ў каналізаваным рэчышчы паблізу суседняй вёскі Маскалі. Гэта якраз той выпадак, калі тапонім (назва вёскі) паходзіць ад гідроніма (назвы рэчкі), што ў Беларусі, ды і ва ўсім свеце, нярэдкасць. Увогуле, тапонімы пажадана тлумачыць, заглядваючы ў гістарычныя крыніцы як мага глыбей. Людзі здаўна стараліся сяліцца каля вады.

Архіўныя дакументы пачатку мінулага і канца пазамінулага стагоддзяў утрымліваюць нямала звестак пра характар і ўзровень сельскай гаспадаркі, пра асноўны занятак мясцовых жыхароў. Да прыкладу, зямельныя канфлікты паміж сялянамі вырашаліся і праз звароты ў дзяржаўныя інстанцыі.

У справе пад агульнаю назваю “Дело о выдаче копий и планов, актов и карт на крестьянские наделы по Гродненской губернии” сярод шэрагу дакументаў 1904 года пазначана прашэнне сялян вёскі “Молдуци” Вікенція і Адама Пятровіча Матусевічаў (у другім месцы таго ж дакумента яны названы як “Матосевічы”) па спрэчцы з Адамам і Казімірам Пятровічам Волчэцкімі – “по спору о разделённой по плану земле”. Дзяржава як асноўны землеўладальнік размяркоўвала зямельныя надзелы, а паводле люстрацыйнага плана архіва Гродзенскай губерні землі сялян вёскі “Молдуци” без падзелу налічвалі 370,32 дзесяціны. На даведцы пра копію люстрацыйнага плана Губернскай Чарцёжнай вёскі “Молдуци” за неадукаваных Вікенція і Адама Пятровіча Матусевічаў распісаўся Іван Малькоўскі.

П. РУСАЎ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации