Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення горада.


Супрацоўнікі ўстановы двойчы сустракаліся са сваімі гасцямі, каб нагадаць старонкі гісторыі, звязаныя з гэтай значнай для дзятлаўчан датай, і ўключыцца ў размову аб важным. З раніцы ў дыялогу пакаленняў прынялі ўдзел адпачывальнікі летніка “ІТ-град” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча разам з удзельнікамі раённай ветэранскай арганізацыі на чале са старшынёй аб’яднання Генадзем Сураўцом і ветэранамі педагагічнай галіны раёна на чале з Аленай Абрамчык.



У другой палове дня аналагічная сустрэча адбылася з прадстаўнікамі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза з удзелам галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марыны Абрамчык.

Бібліятэка падрыхтавала да памятнай даты тэматычную выставу і для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізавалі віртуальны экскурс у гісторыю. Прысутным расказалі, што пад нямецка-фашысцкай акупацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўшчына знаходзілася 1111 дзён, аднак не скарылася. У лясах Ліпічанскай пушчы быў створаны партызанскі атрад “Арлянскі”, з кожным днём вызваленчы рух рос, мацнеў, папаўняўся, пазней Ленінская партызанская брыгада дзейнічала ўжо на тэрыторыі некалькіх сумежных раёнаў. Не абышлі ўвагай партызанскі шпіталь, подзвіг земляка Іосіфа Філідовіча, трагедыю дзіцячага прытулка, прагарталі іншыя слаўныя і трагічныя старонкі ваенных падзей на тэрыторыі раёна. Больш падрабязна спыніліся на баях за вызваленне Дзятлава і раёна, лёсах Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля, Паўла Пятрова, Івана Фурсенкі, якія пахаваныя на дзятлаўскай зямлі. Да ўвагі слухачоў былі прадстаўлены тэматычныя відэаматэрыялы і ролікі.




Напрыканцы прысутныя зрабілі выснову, што няхай слаўны ліпень 1944 года і адышоў у гісторыю, аднак сёння легендарныя подзвігі савецкіх людзей ажываюць на старонках кніг, дакументаў, газетных артыкулаў і ў сэрцах беларусаў. Новыя пакаленні суайчыннікаў беражліва захоўваюць памяць аб тых, хто змагаўся за жыццё, будучыню і свабоду, іх подзвіг – неўміручы.





Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае