Каманда нашага раёна прыняла ўдзел у абласным фестывалі “МоладФэст-Прыцягненне” ў Гродне, прымеркаваным да Дня моладзі і студэнцтва, вярнулася дадому з перамогай.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў абласны камітэт ГА “БРСМ”, які прапанаваў удзельнікам свята разнастайныя актыўнасці і насычаную конкурсную праграму. Удзельнікі дзятлаўскай каманды падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Вераніка Паўлоўская, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

– На моладзевым фестывалі наш раён прадставіла дэлегацыя з дзевяці чалавек, я была капітанам каманды-ўдзельцы “Гвардыя Дзятлаўшчыны” – удзельніцы квэста “Моладзь у гісторыі”. Нас чакалі сем станцый-заданняў: “Наша гісторыя”, “Родныя словы”, “Факты на стол”, “Танцуюць усе”, “Гераічная”, “Гродна” і “Фотапаляванне”. Было вельмі цікава, займальна, нестандартны фармат работы. Наша зборная паказала сябе выдатна і па выніках конкурснай праграмы ўвайшла ў лік пераможцаў. Радуюся і ганаруся, што мы дастойна прадставілі свой раён. Асабіста я атрымала ад фестывалю самыя станоўчыя эмоцыі: шмат цікавага было не толькі ў асноўнай праграме, але і на тэматычных пляцоўках МНС, пазаведамаснай аховы, ДТСААФ. Усё вельмі камфортна, дружна, рада была бачыць столькі ўсмешак і сама радавалася ад душы.

Раман Нікіцін, эканаміст КСУП “Жукоўшчына”:

– Я родам з Мінска, другі год працую па размеркаванні ў сельгаспрадпрыемстве “Жукоўшчына”. Скажу шчыра, упершыню патрапіў на фестываль моладзі, і гэта было па-сапраўднаму маштабнае мерапрыемства, якое не саступала рэспубліканскім. Ніколі раней не быў у Гродне, гэты горад уразіў сваёй прыгажосцю і гасціннасцю. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, людзей было многа, мерапрыемствы праграмы праходзілі насычана. Я разам са сваёй часткай каманды ўдзельнічаў у квізе, дзе былі пытанні па гісторыі, культуры і шмат іншых цікавых тэм. У Мінску не раз быў на падобных мерапрыемствах, але даводзілася самому плаціць за ўдзел, а тут атрымалі мора эмоцый ад гульні ў падарунак. Быў рады пазнаёміцца і гуляць разам з актыўнай моладдзю раёна, спадзяюся, сустрэнемся на іншых мерапрыемствах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации