На Дзятлаўшчыне прайшоў семінар-нарада па ўмовах і ахове працы, накіраваны на прафілактыку вытворчага траўматызму, для кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый, старшыняў прафкамаў з удзелам прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, тэхнічных інспектараў працы прафсаюзаў.

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктар Мацкевічрасказаў аб вытворчым траўматызме і мерах па яго прафілактыцы. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, з-за чаго адбываюцца няшчасныя выпадкі і што неабходна рабіць, каб іх колькасць мінімізаваць. На прыкладах, якія прывёў, пастараўся растлумачыць, што такое ахова працы і што гэтая справа патрабуе не настолькі вялікіх матэрыяльных укладанняў, у параўнанні з тым, колькі можа каштаваць чалавечае здароўе і жыццё.

– У мінулым годзе ў вобласці назіралася змяншэнне ўзроўню вытворчага траўматызму амаль на чвэрць, у тым ліку і няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам. Але сёлета, на жаль, ізноў пайшоў рост (у 2025 годзе – 69, у 2026-м – ужо 93), – адзначыў Віктар Юзэфавіч. – Закон аб ахове працы гаворыць пра тое, што кожны работнік павінен клапаціцца пра ўласную бяспеку і навакольных у працэсе працоўнай дзейнасці, сам ацэньваць вытворчыя рызыкі, якім можа падвяргацца, і іх ліквідаваць. Тады гэта дапаможа знізіць траўматызм.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка звярнуў увагу, што пры правядзенні інструктажоў з работнікамі для большай нагляднасці можна выкарыстоўваць відэаматэрыялы з прыкладамі няшчасных выпадкаў на вытворчасці, дзе добра відаць, што да бяды зусім недалёка. Трэба кантраляваць работнікаў, калі ёсць парушэнні, рабіць адпаведныя заўвагі – гэта дапаможа пазбегнуць бяды.

Галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Гаравенка нагадаў, што цяпер праходзіць тыдзень нулявога траўматызму, і ў гэты час неабходна правесці прафілактычныя мерапрыемствы ў сваіх арганізацыях з работнікамі. Можна гаварыць, што калі адбудзецца няшчасны выпадак, то ў першую чаргу балюча будзе ім, каб не было ілюзіі, што за гэта будзе адказваць нехта іншы. Лепш выконваць патрабаванні аховы працы, чым потым мучыцца ўсё жыццё.

У гэты ж дзень абласная рэйдавая група, у якую ўвайшлі Дзмітрый Гаравенка, Генадзь Карпук, Іван Малеўскі, Ірына Прытуляк, наведала восем арганізацый раёна, дзе ажыццяўляла грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы і калектыўнага дагавора (пагаднення). Яны расказалі, з якімі парушэннямі сутыкнуліся, на што неабходна звярнуць увагу для іх выпраўлення і наступнага недапушчэння. Пасля будуць накіраваны рэкамендацыі арганізацыям, дзе выяўлены недахопы па ахове працы, і па кожным пункце неабходна будзе прадаставіць адказ аб іх выпраўленні.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации