На штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі службаў раёна прагучалі тэмы бяспекі, падтрымання парадку на зямлі, закладкі кармоў, падрыхтоўкі тэхнікі да жніва, фарміравання камбайнавых экіпажаў, прыцягнення механізатараў і тэхнікі з іншых арганізацый, падрыхтоўкі да раённага выпускнога балю, іншыя.
АПІ спрацуе, калі не пыліцца на паліцы без батарэйкі
Як заўжды ў прыярытэце ў раёне і вобласці знаходзіцца тэма бяспекі, якая звычайна абмяркоўваецца адной з першых, паколькі гэта не проста статыстычная інфармацыя, а здароўе і жыцці людзей. На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца маніторынг жылога сектара, планава ў чэрвені будуць правераны аб’екты цэнтральнай раённай бальніцы, у рамках акцыі “Бяспечныя канікулы” ратаўнікі праводзяць інфармацыйную кампанію ў школьных летніках, разам са спецыялістамі АСВОДа ладзяць дадатковыя заняткі з дзецьмі па бяспечных паводзінах на вадзе. За фінансавыя сродкі, выдзеленыя райвыканкамам, набыты 112 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія перададзены ў сельскія саветы і будуць устаноўлены ўразлівым катэгорыям жыхароў.
– Важна, каб гэтыя меры былі эфектыўнымі, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – У плане прафілактыкі ў раёне робіцца шмат, аднак і насельніцтва павінна адказна ставіцца да ўласнай бяспекі. Важна, каб устаноўленыя АПІ падтрымліваліся ў рабочым стане і жыхары самі сачылі за своечасовай заменай зарадных элементаў у іх. Як сведчыць статыстыка, пажарныя апавяшчальнікі выратавалі не адно жыццё.
Старшыня райвыканкама даручыў ратаўнікам трымаць на кантролі яшчэ і падрыхтоўку да жніва. Загадзя неабходна праверыць, што робіцца ў гаспадарках, каб сёлетняя ўборачная кампанія прайшла без надзвычайных здарэнняў. Дзе ёсць парушэнні ці абыякавасць – уздзейнічайць можна праз прадпісанні.
У дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў райвыканкама на мінулым тыдні паступіла 58 паведамленняў, узбуджаны тры крымінальныя справы, якія тычацца нашага раёна, і адна – за дзеянні на тэрыторыі іншай дзяржавы. З 1 чэрвеня ў Беларусі рэалізуецца спецыяльная праграма “Мак”, скіраваная на выяўленне і знішчэнне наркаўтрымліваючых раслін. За першы тыдзень у раёне выяўлены тры лакацыі, дзе выраслі забароненыя зёлкі: два месцы ў Дзятлаве, адно – у сельскай мясцовасць.
Прадаўжае міліцыя прафілактычную работу па накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый асоб, якія злоўжываюць алкаголем і ў стане ап’янення або ў пошуках спіртнога схільныя да супрацьпраўных учынкаў. На мінулым тыдні асуджаны два чалавекі, на гэтым у адносінах да яшчэ двух адбудзецца судовае пасяджэнне, а ўсяго з пачатку года такія прысуды атрымалі 23 дзятлаўчаніны.
Устанавілі праваахоўнікі дзвюх асоб, якія нанеслі шкоду маёмасці на аб’ектах добраўпарадкавання райцэнтра. Справы аб правапарушэннях ужо знаходзяцца ў судзе. Хутчэй за ўсё, па прысудзе ім давядзецца аплаціць камунгасу грашовы ўрон за супрацьпраўныя дзеянні.
Будзе якасць – будзе і вынік
Прадаўжаецца на Дзятлаўшчыне нарыхтоўка кармоў і закладка іх у траншэі. Кіраўнік раёна скіраваў аграрыяў на тое, што, акрамя сіласу, увагу трэба надаваць нарыхтоўцы сена.
Не менш актуальным застаецца пытанне падрыхтоўкі да ўборачнай кампаніі тэхнікі, камбайнавых экіпажаў і прыцягнення механізатараў і машын з іншых арганізацый.
На кантролі – будаўніцтва прафілакторыяў для цялят. Як адзначаў Прэзідэнт, такія збудаванні павінны быць утульнымі для гадаванцаў і зручнымі для жывёлаводаў, зусім не абавязкова, каб каб яны каштавалі вялікіх грошай. Належная ўвага ў гэтым пытанні на Дзятлаўшчыне надаецца ў КСУП “Войневічы” і ААТ “Граніт-Агра”, ёсць складанасці ў КСУПах “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”.
Адставанне ў раёне па ўнясенні фунгіцыдаў пад сельскагаспадарчыя культуры адзначаюцца ў ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”, нязначныя – у некаторых іншых гаспадарках.
Андрэй Садоўскі звярнуў увагу спецыялістаў сельгассферы на неабходнасць пастаянна трымаць у полі зроку доглядавыя мерапрыемствы: надвор’е ў гэтым годзе такое, што вырастанне пустазелля па кукурузе і бураках будзе “хвалямі”, таму важна своечасова апрацоўваць іх хімпраполкай. Першая ўборка салодкіх караняплодаў можа прыпасці на раннія тэрміны ў жніўні. Вынік напрамую залежыць ад якасці работ.
Рознае
10 чэрвеня з рабочым візітам на Дзятлаўшчыну прыедзе міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла, які правядзе прыём грамадзян у райвыканкаме і наведае ТАА “Ізакам Пласт”.
***
12 чэрвеня ў 17 гадзін на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве пройдзе раённы выпускны баль для адзінаццацікласнікаў. Для ўдзельнікаў свята прагучаць віншаванні ад кіраўніцтва раёна, будуць уручаны медалі і Ганаровыя граматы, у праграме балю ёсць і іншыя прыемныя сюрпрызы.
***
Падведзены вынікі першага цэнтралізаванага экзамена, у час якога адзінаццацікласнікі здавалі прадмет на выбар. Самыя высокія 99 балаў на Дзятлаўшчыне па грамадазнаўстве атрымалі навучэнкі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Аліна Андруцэвіч і Анастасія Ганчар. Свае гадавыя вынікі на першым ЦЭ пацвердзілі ўсе 15 раённых прэтэндэнтаў на медаль.
***
Пачалася падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года. У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы ўжо скончаны рамонт даху. У Новаяльнянскім дзіцячым садзе да канца чэрвеня мяркуецца завяршыць укладку пешаходных дарожак з пліткі. У Дварэцкай сярэдняй школе ажыццяўляецца рамонт харчблока і добраўпарадкаванне. На харчблок у Хвінявіцкую сярэднюю школу будзе закуплена электрапліта, у дашкольныя ўстановы – мэбля і ложкі, новай вучнёўскай мэбляй папоўняцца тры школы раёна. У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча на стадыёне рамантуюць трыбуны.
***
Пракуратура Дзятлаўскага раёна сумесна з Камітэтам дзяржкантролю правяла праверку на ферме “Васявічы” ААТ “Дварэц-Агра”, дзе выяўлены парушэнні ў закладцы кармоў, за што кіраўніцтву ўнесена прадпісанне. Аб’ект застанецца на далейшым кантролі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga