Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Новаяльнянскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” прайшло ў гарадскім пасёлку Наваельня пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Удзел у ім прымалі старшыні сельвыканкамаў раёна.

З асноўнай тэмай прысутных азнаёміла старшыня Новаяльнянскага сельскага выканаўчага камітэта Людміла Радзевіч:

– Тэтыторыя сельсавета складае 632,18 гектара і ўключае толькі гарпасёлак з 34-ая вуліцамі, шасцю завулкамі, тут знаходзяцца 1273 гаспадаркі, жывуць 2715 чалавек, сярод якіх 1563 працаздольныя, 834 пенсіянеры, 318 дзяцей, ёсць 32 шматдзетныя сям’і, 47 адзінокіх пажылых людзей і 446, якія жывуць адзінока. З пачатку гэтага года зарэгістравана 10 смерцяў, чатыры нараджэнні і два шлюбы. На ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, знаходзяцца 30 чалавек: летась пастаўлена 13, знята 9, сёлета – 3 і 19 адпаведна. Гэтаму паспрыяла ўвядзенне ў эксплуатацыю арэнднага дома па вуліцы Дзятлаўскай, 2.

Пры сельвыканкаме працуюць грамадскія фарміраванні: шэсць вулічных камітэтаў, камісіі садзейнічання і кантролю за выкананнем заканадаўства, аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый, грамадскі пункт аховы правапарадку. Сельскім выканаўчым камітэтам у 2025 годзе праведзена 13 пасяджэнняў і 6 сесій, сёлета – 5 і 2 адпаведна. Прафілактычная работа наладжана на добрым узроўні: летась адбыліся 14 пасяджэнняў ГПАП, на якія былі запрошана 193 грамадзяніны, сёлета – 8, запрошаны 87. Участковы інспектар міліцыі Аляксандр Скварчынскі актыўна працуе з асобамі, якія злоўжываюць спіртным, па накіраванні іх у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У цесным кантакце дзейнічаюць зацікаўленыя структуры соцыуму па прафілактыцы пажарнай бяспекі: на асаблівым кантролі катэгарыраваныя жыхары,  звесткі ўносяца ў праграмны комплекс “ІнспектКам”.

У гарпасёлку знаходзяцца 618 прыватных дамоў, раней іх было больш. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116, ажыццяўляецца інвентарызацыя зямель для выяўлення пустуючых прысядзібных участкаў і тых, якія не выкарыстоўваюцца. У выніку знесена дзевяць пустуючых дамоў, у тым ліку два гаспадарамі сумежных участкаў, за адну базавую рэалізаваны тры, праз аўкцыён – два дамы, яшчэ столькі ж уласнікі знеслі самі. Цяпер пустуючых дамоў няма ў рэестры, аднак ёсць 125, якія не выкарыстоўваюцца для пастаяннага пражывання, але за імі ёсць догляд. На кожны вядзецца картатэка, дзе пазначаны стан, уласнік ці спадчыннік, кантакты, дача гэта ці маёмасць на продаж. Сельвыканкам з’яўляецца звязуючым звяном паміж пакупніком і прадаўцом, вядзе рэестр па продажы: у 2025 годзе прададзена пяць, сёлета – чатыры дамы. Безумоўна, пытанні па ўтрыманні і знешнім выглядзе нежылых дамоў здараюцца. Для навядзення парадку сельвыканкам піша прадпісанні (летась – 130, сёлета – 31).

Адна з галоўных задач органаў мясцовага самакіравання – своечасовае рэагаванне на звароты грамадзян, работа на апераджэнне, зняцце сацыяльнай напружанасці. Выкарыстоўваюцца такія формы, як сельскія сходы, дні інфармавання, прыёмы па месцы жыхарства і ў калектывах. За апошнія гады колькасць зваротаў у сельвыканкам і вышэйстаячыя органы знізілася (сёлета – пяць).

Адзін з галоўных накірункаў у рабоце сельвыканкама – забеспячэнне нармальнай жыццядзейнасці грамадзян. У прыярытэтным парадку наладжваецца належная работа арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, гандлю, установаў адукацыі. Усяго на тэрыторыі пасёлка 18 прадпрыемстваў, таксама працуюць гарадская і рэспубліканская туберкулёзная бальніцы, аптэка, школа, дзіцячы сад, Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, 21 гандлёвая кропка. Пашыраецца вытворчасць, ствараюцца новыя працоўныя месцы на заводах “ТрыялЭксперт” і “Суперпак інвест”. Шмат увагі нададзена медабслугоўванню насельніцтва: ажыццяўляецца рамонт і рэканструкцыя Новаяльнянскай бальніцы, яго мяркуецца завяршыць да канца года. Сёлета скончана рэканструкцыя былога інтэрната пад арэнднае жыллё, 14 сем’яў атрымалі кватэры. За два апошнія гады заасфальтаваны тры вуліцы поўнасцю, 10 – часткова, выканана рэканструкцыя вуліцы Шашэйнай і будаўніцтва стаянкі, добраўпарадкаваны месца для выязнога гандлю, стаянка каля царквы, тэрыторыі каля былога ўнівермага і пошты, адбыўся капрамонт чатырох шматпавярховых дамоў, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Дзякуючы грамадзянскім ініцыятывам і ўзаемадзеянню з сельвыканкамам, адрамантаваны пешаходны мост па вуліцы Талкуноўскай, арганізавана зона адпачынку на вадасховішчы, пасаджаны туі і кветкі каля пошты, збіраюцца сродкі і адшукваюцца спонсары, каб зрабіць дзіцячую пляцоўку па вуліцы Снітко, 7. На сёння ў Наваельні ажыццяўляецца капрамонт былога ўнівермага пад гандлёвы аб’ект, добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі, выраблена дакументацыя для капрамонту паштовага аддзялення. Ужо заасфальтаваны вуліцы Лясная, часткова – К. Маркса, пашырана і заасфальтавана Дзятлаўская, прайшоў суботнік на могілках і рэспубліканская акцыя “Чысты вадаём”. Чалавек – галоўная каштоўнасць дзяржавы, і задача мясцовых выканаўчых органаў – забяспечыць умовы, каб людзі маглі годна жыць, бачыць перспектывы для сябе і дзяцей.    

У час практычнай часткі ўдзельнікі Дня сельсавета азнаёміліся з такімі аб’ектамі добраўпарадкавання, як дваровая тэрыторыя шматпавярховай забудовы, новы арэндны дом па вуліцы Дзятлаўскай, 2, прыватны дом сям’і Макарчыкаў, новая спартыўная шматфункцыянальная пляцоўка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, наведалі Новаяльнянскі дзіцячы сад, дзе з бардзюрнай пліткі будуць выкладзены дарожкі. Ускладаннем кветак да мемарыяла прысутныя ўшанавалі памяць загінулых землякоў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі ў магазіне “Пачастунак” Ашмянскага мясакамбіната, на Новаяльнянскім участку па ізаляцыі труб ААТ “Гроднагазбудізаляцыя” даведаліся, як наладжаны вытворчы працэс, пабывалі ў царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, каля якой была добраўпарадкавана тэрыторыя і з’явілася зручная стаянка.

У час падвядзення вынікаў Аляксандр Бараноўскі засяродзіў увагу на патрабаваннях да работы дэпутатаў, на якіх спынялася Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы 27 мая са старшынямі абласных, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў у Іванава. Як было зазначана, дэпутаты – ключавое звяно ў кіраванні на месцах, бо першымі бачаць праблемы і рэальныя патрэбы людзей, дапамагаюць у іх вырашэнні. У цэнтры іх увагі павінны заставацца добраўпарадкаванне, грамадскія ініцыятывы, пытанні аховы здароўя, узаемадзеянне з насельніцтвам па санітарным утрыманні домаўладанняў. Аляксандр Станіслававіч падзякаваў Людміле Радзевіч і спецыялістам сельвыканкама за грунтоўную работу ў гэтым кірунку, станоўча ацаніў супрацоўніцтва з мясцовымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации