На адрас рэдакцыі прыйшоў ліст ад жыхаркі аграгарадка Заямнае Стаўбцоўскага раёна, ураджэнкі вёскі Бубны Данілавіцкага сельскага cавета Галіны Бухаловіч (у дзявоцтве Уласевіч). У ім Галіна Мікалаеўна падзялілася пачуццямі і ўспамінамі, якія звязваюць яе з роднымі мясцінамі на Дзятлаўшчыне.

Атрымалася амаль што ода малой радзіме. Аўтар ліста выказала вялікае жаданне, каб радкі аб вёсцы Бубны былі надрукаваны ў раённай газеце, бо ў розных кутках Беларусі жывуць яе землякі, якія берагуць у сэрцах падобныя ўспаміны, ды і ў многіх людзей ранейшага пакалення аповед павінен выклікаць цёплыя эмоцыі, калі іх дзяцінства і юнацкія гады таксама прайшлі ў сельскай мясцовасці.

“Мне хочацца расказаць аб маёй малой радзіме, невялікай вёсачцы на Дзятлаўшчыне. Прытулілася яна на беразе ракі Моўчадзь сярод сасновых лясоў. Уздоўж ракі і на выгане вясной цвітуць чаромхі, а побач з вёскай растуць і берагуць яе спакой векавыя ліпы і дубы.

Притаились здесь домики у реки на излучине,

Под душистыми липами и дубами могучими.

Запах терпкий черемухи и пьянит, и манит,

В босоногое детство мне вернуться велит.

Радкі гэтыя я напісала пасля доўгага расставання з роднай прыгажуняй-вёскай. У пойме нашай рэчкі раслі заліўныя лугі. Косамі іх выкошвалі мужчыны – нашы таты. Падлеткамі мы разам з жанчынамі хадзілі варочаць пракосы і сушыць духмянае лугавое сена. Тады ў Бубнах з пятнаццаці двароў збіралася стада да трох дзясяткаў кароў, пасвіць якіх даводзілася нам разам з дарослымі. Яшчэ школьнікамі мы садзілі маладзенькія сосны, што цяпер ператварыліся ў прыгожы лес, дзе растуць грыбы і ягады.

У свой час мы ціхімі золкамі басанож таксама бегалі па баравікі. Іх было вельмі шмат. Збіралі ягады. Я нібыта і сёння адчуваю той дзіўны пах грыбоў, якія сохнуць у рускай печцы, сушаных чарніц. Вудамі лавілі у рэчцы рыбу, рукамі – ракаў. Пачуццё яднання з прыродай, рэчкай, лесам засталося ў душы назаўжды.

У розны час адышлі ў вечнасць нашы бацькі. Сёння прыязджаем да іх магіл запаліць свечкі, схіліцца ў паклоне ўдзячнасці, памаліцца, бо гэта яны, маладыя, поўныя сіл, будавалі ў Бубнах хаты, гадавалі нас.

У родную вёску, бацькоўскае “гняздо” з Маладзечна вярнуўся Юрый Верамейка з жонкай Кацярынай. Сваімі клапатлівымі рукамі каля роднай хаты стварылі цэлы “аазіс”. Яшчэ жыве там мая суседка і хросная дзевяностагадовая Марыя Каско. Малюся за яе здароўе і спадзяюся, што доўга не згасне святло ў яе акне. Летам і вясной Бубны ажываюць: у бацькоўскія хаты прыязджаюць дзеці і ўнукі, садзяць агароды, збіраюць дары лесу.

Некалькі гадоў таму ў маі мы сустракаліся з землякамі. Прыехалі ўраджэнцы Бубноў з Дзятлава, Ліды, Карэлічаў, Воранава, Мінска, Брэста. Ад чыгуначнай станцыі да вёскі пешшу каля пяці кіламетраў, іх мы з сястрой пераадолелі як на крылах, прагнучы прасякнуцца атмасферай роднай хаты, удыхнуць водар чаромхі і бэзу, акунуцца ў чароўны свет дзяцінства. Цёплым сонечным днём з землякамі пад квітнеючымі яблынямі накрылі сталы. Здавалася, што сама прырода радавалася з намі. Сустрэча пакінула прыемныя ўспаміны. Падобныя моманты напаўняюць душу цяплом, акрыляюць яе і дазваляюць нібыта ажыццявіць падарожжа ў часе: зноў вярнуцца ў светлае дзяцінства, натхнёнае юнацтва. Гады тыя такія далёкія, і такія блізкія для кожнага з нас”.

Ірына СТЫРНІК   

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации