15 мая ў Дзень сям’і ў рамках Года беларускай жанчыны на Дзятлаўшчыне адбыўся ўрачысты старт сацыяльна-актыўнага праекта “Зарадка з лідарам” з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай і жадаючых дзятлаўчанак.

Праект ініцыяваны сектарам спорту райвыканкама пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.







Адкрываючы яго, галоўны спецыяліст сектара спорту райвыканкама Наталля Калодка зазначыла, што “Зарадка з лідарам” – гэта не толькі прыцягненне жанчын Дзятлаўшчыны да міні-трэніровак, але і пашырэнне сферы іх стасункаў, бо сучасная жанчына выконвае шмат функцый на рабоце, дома, у грамадскім жыцці і ёй неабходна своеасаблівая перазагрузка. Сям’я для жанчыны – галоўная каманда, дзе важныя падтрымка і агульны дух. Новы праект заклікае дзятлаўчанак выйсці за рамкі дома і закласці новую сацыяльную традыцыю: стварыць каманду актыўных і паспяховых жанчын, своеасаблівую вялікую сям’ю аднадумцаў, якіх аб’ядноўвае агульная мэта – быць здаровымі, энергічнымі і стваральнымі. Наталля Яўгеньеўна пажадала ўдзельнікам сустрэчы здароўя, на некаторы час забыць рабочыя і хатнія праблемы і атрымаць задавальненне ад актыўнасці.


Вольга Жэлезоўская падзякавала зямлячкам, што знайшлі ў сваіх графіках паўгадзіны для сустрэчы. Яна падкрэсліла, што спорт – гэта тое, што дае ўсім нам перазагрузку, павіншавала з Днём сям’і, пажадала сонечнага настрою, дабрабыту ў сем’ях і кожны дзень знаходзіць некалькі хвілін, якія можна правесці з карысцю для сябе і свайго цела.


Міні-трэніроўку для ўдзельніц сустрэчы правяла работніца культуры Ала Аблажэй разам з жанчынай-лідарам Вольгай Жэлезоўскай.











Пітной вадой удзельніц зарадкі частавала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Затым жанчыны змянілі спартыўны рытм на ўтульную атмасферу “без гальштукаў і афіцыёза” і пагутарылі з Вольгай Жэлезоўскай на галоўныя тэмы, якія хвалююць кожную прадстаўніцу прыгожай паловы чалавецтва. Лідар падзялілася ўласнымі лайфхакамі, што дапамагаюць ёй усё паспяваць, быць прафесіяналам, гаспадыняй, мамай і заставацца ў рэсурсе.

Вольга Жэлезоўская пра тайм-менеджмент і прыярытэты:
– Многія сутыкаліся з такім паняццем, як “сіндром выдатніцы”. Я таксама са школы старалася быць прыкладам ва ўсім. Некалькі гадоў таму, гледзячы на сваё дзіця, зразумела: мы заўжды да чагосьці імкнёмся, ажыццяўляем мэты, аднак не адчуваем глыбокай радасці, як у дзяцей, калі яны атрымліваюць новую цацку. Цяпер я жыву без “сіндрома выдатніцы”: дазваляю сабе памыляцца, у чым-небудзь быць неідэальнай і прадаўжаю працаваць над тым, каб быць дастаткова паспяховай, але не самай лепшай.
Вольга Жэлезоўская пра рэсурс і энергію:
– Мой сакрэт вярнуць страчаную энергію і быць у рэсурсе – пераключыцца, заняцца фізічнай працай, актыўнасцю: раблю хатнія справы, дапамагаю бацькам, двойчы на тыдзень хаджу на ёгу, з нецярпеннем чакаю адкрыцця басейна.

Вольга Жэлезоўская пра жаноцкасць у мужчынскім свеце і як удаецца здымаць “даспехі” лідара, быць дома пяшчотнай мамай:
– Над гэтым таксама давялося папрацаваць, каб не пераносіць на блізкіх стому і раздражненне. На ўзбраенне ўзяла правіла “30-ці хвілін цішыні”: калі вяртаюся дахаты, паўгадзіны мяне ніхто не турбуе, не задае пытанняў. Моўчкі раблю справы, пераключаюся і за гэты час з’яўляецца энергія на сям’ю. Такім чынам блізкім удаецца бачыць добрую шчаслівую маму.
Пасля цікавага дыялогу прысутныя прыйшлі да высновы, што за кожнай моцнай жанчынай стаіць уменне любіць сябе, сваю сям’ю, жыццё і сярод загружанасці будняў вылучаць хвілінкі для сябе. У час кароткага апытання, што я забіраю ў сваю скарбонку шчасця, кожная з жанчын назвала больш значнае.

Урачыстую сустрэчу завяршыў флэш-моб з фатаграфаваннем, у час якога дзятлаўчанкі хорам прамовілі дэвіз праекта: “Дзятлаўшчына – тэрыторыя здароўя! Сям’я – гэта мы!”.
Сустрэчы ў рамках праекта “Зарадка з лідарам” будуць праходзіць раз на месяц, наступную сектар спорту мяркуе правесці з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай, работніцамі сферы адукацыі і іншымі жадаючымі дзятлаўчанкамі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае