Раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” прайшоў на Дзятлаўшчыне.

На гэты раз удзел у спаботніцтвах, якія ладзіліся на базе раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прымалі дзевяць каманд установаў адукацыі нашага раёна.

За іспытамі сачыла вопытнае журы на чале з начальнікам групы прызыву ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандрам Зайцавым, у састаў якога таксама ўваходзілі старшыня раённага аддзялення ДТСААФ Дзмітрый Харошка, старшы лейтэнант у запасе Іван Кашко, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка, спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава.

Па традыцыі сустрэча пачалася з Дзяржаўнага гімна і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Юнармейцы прынеслі ўрачыстую клятву, у якой паабяцалі быць вернымі Радзіме, праяўляць мужнасць і стойкасць, паважаць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і быць станоўчым прыкладам для равеснікаў.

Камандам давялося прайсці некалькі іспытаў, кожны з якіх выпрабоўваў розныя навыкі і якасці. Адбыўся агляд строю і песні “Мы – праўнукі Перамогі”, у конкурсе “Да абароны Айчыны гатовы!” удзельнікі спаборнічалі ва ўменні хутка і правільна збіраць і разбіраць аўтамат Калашнікава. Завяршыла праграму іспытаў міні-спартыўная паласа перашкод, якая патрабавала ад школьнікаў загартаванасці і добрай фізічнай падрыхтоўкі.

Па выніках усіх этапаў дыплом за першае месца ў раённым этапе рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” заваявала каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Другое месца падзялілі каманды сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, гімназіі № 1 горада Дзятлава і Хвінявіцкай сярэдняй школы. Трэцяе месца занялі каманды сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук і Дварэцкай сярэдняй школы.

Узнагароды і каштоўныя прызы за зборку-разборку аўтамата Калашнікава ўручыў Дзмітрый Харошка. Граматай за першае месца адзначаны ўдзельнікі каманды Казлоўшчынскай сярэдняй школы, за другое – сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, за трэцяе – гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Пераможца раённага этапу, каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, атрымала пуцёўку на абласны этап гульні, які адбудзецца ў горадзе Гродне.

Лізавета ЮРГЕЛЬ,
карэспандэнт моладзевага медыяцэнтра “КУБ” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации