Праваахоўныя органы ўзмацнілі кантроль за захаванасцю таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, надаючы асаблівую ўвагу прадухіленню крадзяжоў насення, паліва, угнаенняў.
Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама праводзяць рэйды, правяраючы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, склады, заправачныя пункты і спраўнасць тэхнікі. Узмоцнена назіранне за расходам гаруча-змазачных матэрыялаў, бо крадзеж паліва з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных правапарушэнняў.
Выяўляюцца п’яныя работнікі на аб’ектах АПК, МТФ, таму што алкаголь часта садзейнічае ўчыненню крадзяжоў. Правяраецца наяўнасць насеннага матэрыялу, мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін. Праводзіцца работа па прадухіленні крадзяжу дызельнага паліва, якое выдзяляецца на пасяўную.
У выпадку выяўлення фактаў дробнага крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў асоба, якая яго ўчыніла, будзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 11.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, за што прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 30 базавых велічыняў, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.
Таксама ч. 3 арт. 13.23 КоАП Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за набыццё, захоўванне, выкарыстанне або рэалізацыю фізічнымі асобамі афарбаванага нафтавага вадкага паліва, якое пастаўляецца ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, – за гэта можна атрымаць штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічыняў.
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Калі ў вас ёсць інфармацыя пра факты крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, просім паведамляць у АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах: 3-00-44, 3-00-53 або 102. Ананімнасць гарантуецца.
Руслан ЛАЎРЭНЦЬЕЎ,
начальнік ААПП АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga