Пісаць пра гэта і проста, і, у той жа час, даволі складана. У нас яшчэ мала жыццёвага вопыту, мала псіхалагічных і інтэлектуальных ведаў, каб разважаць і рабіць вывады на такую сур’езную тэму. І ўсё ж… Паспрабую.

Жанчына… Бабуля, мама, сястрычка, суседка, настаўніца роднай мовы, прадавец у гіпермаркеце. Што іх аб’ядноўвае – нашых беларусак?

Думаецца, у першую чаргу, спагадлівасць, уменне пранікнуцца праблемай другога чалавека, паспачуваць, падтрымаць, суцешыць. Такая асаблівасць характару беларускай жанчыны праяўлялася заўсёды, у часы самых страшных выпрабаванняў, што выпалі на долю народа – войны, паўстанні, рэвалюцыі, ганенні на мову, культуру, рэлігію. Праяўляецца гэта рыса ў поўнай меры і сёння. Хіба наша жанчына адштурхне дзіця іншай веры ці іншай расы, не накорміць, не прытуліць, не пакладзе спаць у сваім доме? Ды такога быць не можа. Проста не можа быць.

Мая бабуля шмат расказвала мне пра вайну. Яна нарадзілася пазней, у канцы 50-х, але добра помніла ўспаміны старэйшых, асабліва пра тое, як яе бабуля Ганна, не гаворачы нікому ні слова, хавала ў адрыне, пад падлогай са старых дошак, маладую яўрэйку з дзяўчынкай гадоў пяці. Такі ўчынак мог каштаваць жыцця цэлай сям’і, але не прытуліць, не накарміць, не ратаваць яна не магла. Потым тая жанчына пайшла ў лес да партызан. Выжыла ці не, ніхто не ведаў, але засталося спадзяванне на тое, што прытуленыя гаротнікі прадаўжаюць жыць. Сям’я даведалася пра ўчынак прабабулі Ганны толькі пасля вайны.

Наша жанчына моцная духам, працавітая, можа ўзяць на свае плечы, калі спатрэбіцца, і жаночыя, і мужчынскія абавязкі. Уставаць раней за ўсіх, клапаціцца пра сям’ю, накіроўваць дзяцей на правільны жыццёвы шлях, быць сябрам для мужа, сына, дачок, не паказваць стомы, стаць прыкладам ва ўсім – вось такая яна.

 І пры гэтым пяшчотная, ранімая, далікатная, таленавітая. Спявае, піша вершы, малюе, вышывае, удзельнічае ў грамадскім жыцці, заўсёды дагледжаная знешне, прыгожая, апранутая з густам. Вось яна ідзе на працу, мая мама-беларуска, лёгкаю хадою, нібы лябёдка, плыве па тратуары. Усміхаецца – у яе добры настрой, бо ўсё паспела раніцай, усіх упарадкавала, адправіла на працу і ў школу, навяла парадак на кухні, а цяпер крочыць на любімую работу, дзе будзе аддана рабіць тое, што любіць, да чаго ляжыць душа. Ідзе з пачуццём уласнай годнасці, як і належыць беларусцы, дачцэ нашай роднай зямлі, нашага народа.

Ганна СІНЕВІЧ,
навучэнка 11 класа гімназіі № 1 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины

Похожие публикации