40 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая прывяла да радыеактыўнага забруджвання амаль чвэрці тэрыторыі Беларусі.
Наша краіна, засяродзіўшы намаганні на ліквідацыі наступстваў, аднавіла жыццё на пацярпелых тэрыторыях, перайшоўшы ад экстраннага рэагавання да ўстойлівага развіцця. Дзяржаўная палітыка была накіравана на зніжэнне радыяцыйнай рызыкі, перасяленне (138 тысяч чалавек было адселена), дэзактывацыю, абмежаванне доступу на забруджаныя тэрыторыі, меры па зніжэнні доз апраменьвання і спецыяльныя меры ў сельскай і лясной гаспадарцы. У 1988 годзе створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Рэалізавана шэсць дзяржаўных праграм, цяпер дзейнічае праграма “Інфраструктура бяспекі насельніцтва” (2026-2030 гг.). Радыяцыйная абстаноўка паляпшаецца: плошча тэрыторыі, забруджанай цэзіем-137, паменшылася ў 1,8 раза, стронцыем-90 – у 1,9 раза. Плошча забруджаных сельскагаспадарчых зямель скарацілася, вернута ў сельгасабарот 20,5 тысячы гектараў. Прымяняюцца навуковыя метады для вытворчасці чыстай прадукцыі, дзейнічаюць больш жорсткія, чым у ЕАЭС, дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў.
Што датычыцца Гродзенскай вобласці, то ў рэгіёне створана абласное аддзяленне Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ліквідатараў і інвалідаў чарнобыльскай катастрофы “Ветэраны Чарнобыля”, старшынёй якога абраны Рыгор Няплюеў. Мэта абласнога аддзялення – прыцягненне ўвагі грамадскасці да гераізму і мужнасці ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў 1986-1990 гадах, аб’яднанне намаганняў грамадзян, якія жадаюць прыняць удзел у аказанні дапамогі, накіраванай на абарону сацыяльных і медыцынскіх правоў асоб, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
У ліквідацыі чарнобыльскай катастрофы ўдзельнічалі і нашы землякі, яны прайшлі праз няпростыя выпрабаванні.
Паважаныя ліквідатары! Выказваем вам удзячнасць за самаадданую працу, адвагу і мужнасць. Жадаем вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і мірнага неба. Смуткуем аб загінулых у барацьбе з нябачным ворагам. Светлая памяць аб іх назаўжды застанецца ў сэрцах дзятлаўчан.
Раённы Савет дэпутатаў
Раённы выканаўчы камітэт
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga