У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло мерапрыемства, прысвечанае ўрачыстым провадам нашых землякоў у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.


Павіншаваць іх з новай старонкай у жыцці прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, бацькі, старшакласнікі школ райцэнтра.





Са словамі наказу і падтрымкі да прызыўнікоў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Абарона Айчыны заўсёды была і застаецца свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна нашай краіны. Вы прадаўжаеце слаўныя традыцыі пакаленняў абаронцаў Радзімы, у якіх стагоддзямі складваліся такія каштоўнасці, як гонар, доблесць і вернасць ваеннай прысязе. Вам належыць не проста надзець ваенную форму, а стаць дастойнымі нашчадкамі мужнасці і стойкасці бацькоў і дзядоў. Для вас, будучыя салдаты, вялікі гонар стаць у адзін строй з тымі, хто на працягу ўсёй гісторыі нашай краіны адстойваў яе незалежнасць і суверэнітэт. Упэўнены, што вы дастойна пранесяце высокае званне ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусь.
Хачу выказаць словы ўдзячнасці бацькам за выхаванне сапраўдных патрыётаў. Вашы сыны – ваш гонар, і сёння яны робяць важны крок у дарослае жыццё, поўнае адказнасці і выпрабаванняў. Верце ў іх, чакайце і ведайце: служба зробіць іх больш моцнымі духам, надзейнымі і мудрымі. Прызыўнікам жадаю дастойнай службы, верных таварышаў, моцнага здароўя і вытрымкі. Няхай кожны дзень у арміі ўмацоўвае вашы сілы і загартоўвае характар, каб родныя і ўся краіна ганарыліся вамі.



Да словаў віншавання далучыўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:

– Рады вітаць у гэтай зале ўсіх, хто гатовы выканаць свой канстытуцыйны абавязак дзеля любові да сваёй Айчыны. Служба ва Узброеных Сілах – гэта школа ўзмужнення, станаўлення маладога чалавека як мужчыны, грамадзяніна, патрыёта, адказная місія. Вы становіцеся абаронцамі Айчыны, і ад таго, як будзеце выконваць воінскі абавязак, будзе залежаць абараназдольнасць нашай краіны. Мы верым, што вы зарэкамендуеце сябе граматнымі і адказнымі вайскоўцамі. Хачу пажадаць вам не лёгкай, а цікавай службы, пасля праходжання якой вы вернецеся ў свой раён больш дарослымі і мужнымі. Вельмі прыемна, што нашы землякі, дзе б яны ні служылі, заўсёды на добрым рахунку. Жадаю і вам прэзентаваць Дзятлаўскі раён толькі з лепшага боку, абараняючы сваю Радзіму. Ганарыцеся тым, што за вашымі спінамі будуць мір і спакой нашай роднай Беларусі.

На галоўнай сцэне раёна Аляксандр Аляксандравіч уручыў маладым людзям павесткі аб прызыве на ваенную службу. Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык павіншавала будучых абаронцаў Айчыны і ўручыла ім памятныя падарункі.

































Служыць дастойна, з верай у Айчыну, сябе і Бога маладым людзям пажадаў вікарны святар касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Яўгеній Ціхан.

Сёлета дзятлаўчане папоўняць рады вайсковых часцей Мінска, Гродна, Слоніма, Брэста, Барысава, Баранавічаў, дзе будуць праходзіць службу адзін або паўтара года.



Словы мацярынскага наказу прызыўнікам адрасавала Ірына Сарачынская. Яна пажадала дастойна прайсці гэты шлях, вытрымаўшы складанасці і выпрабаванні салдацкага жыцця, вярнуцца дадому сапраўднымі мужчынамі; ніколі не забываць пра родны дом і блізкіх, чые сэрцы заўсёды будуць перажываць і чакаць.




Музычныя падарункі гасцям урачыстасці дарылі артысты Дзятлаўшчыны Ганна Харлінская, Анастасія Голуб, Таццяна Дудкіна, Ала Чарняўская, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка і Наталля Бузук.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае