Чарговы этап рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Лес! Дабро! Парадак!” на Дзятлаўшчыне прайшоў на тэрыторыі Гезгалаўскага лясніцтва. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі сілавых структур раёна.
Кіраўнікі, асабовы састаў і работнікі пракуратуры, раённага аддзела Следчага камітэта, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, раённага аддзела Дэпартамента аховы паўдзельнічалі ў ачыстцы бярозавага лесу.






















Удзел у падобных мерапрыемствах стаў традыцыйным для праваахоўнікаў раёна. Яны падзяліліся сваім меркаваннем на гэты конт.
Таццяна Пратаковіч, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта:

– Наш калектыў – пастаянны ўдзельнік экалагічных мерапрыемстваў у раёне. За апошнія гады мы наводзілі парадак у лясах Дзятлаўшчыны, высаджвалі новыя дрэвы, у тым ліку – на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гарпасёлку Наваельня. Беларусь славіцца на ўвесь свет сваёй гасціннасцю і парадкам, і ў гэтым заслуга не толькі кіраўніцтва краіны і рэгіёнаў, але і кожнага грамадзяніна. Падтрымліваючы нашы моцныя традыцыі, мы падаём добры прыклад маладым пакаленням землякоў.
Сяргей Аляшкевіч, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна:

– Экалагічныя акцыі – гэта не толькі карысная справа для роднага краю, але і магчымасць для супрацоўнікаў розных служб раёна ненадоўга змяніць род заняткаў і папрацаваць на прыродзе. Прыемна быць аб’яднанымі агульнай справай з калегамі не толькі ў працоўных пытаннях, але і ў справе навядзення парадку на зямлі. Шчыра працуем, каб з кожным днём яна станавілася яшчэ прыгажэйшай.
Ляснічы Гезгалаўскага лясніцтва Віктар Семянюк расказаў, аб ходзе акцыі на тэрыторыі Гезгалаўскага лясніцтва:

– На заклік навесці парадак у лясах дружна адгукнуліся ўсе дзятлаўчане. Акцыю “Лес! Дабро! Парадак!” падтрымалі ўжо многія працоўныя і вучнёўскія калектывы раёна. Так, на пасадцы лясных культур у дзяржаўным лясным фондзе былі заняты работнікі нашага лясніцтва разам з супрацоўнікамі Папраўчай калоніі-пасялення № 26. Быў прыбраны і адрамантаваны помнік загінулым у Вялікую Айчынную вайну каля вёскі Нагародавічы. Таксама навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна прыбралі лясную тэрыторыю вакол аграгарадка Гезгалы. Разам яны прайшлі каля 500 гектараў ляснога масіву, назбіралі больш за 500 кілаграмаў смецця.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #НаРоднойЗемлеЖивиКакХозяин