Прыемна бачыць, як за апошнія гады папрыгажэў, стаў больш утульным, камфортным, сучасным наш родны горад і раён.

Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ, добрым ініцыятывам, падарункам іншых арганізацый, бюджэтным укладанням, у райцэнтры з’явіліся адметныя архітэктурныя формы, клумбы, лавачкі, арэлі, алеі маладых дрэўцаў. Адным словам, стала шмат лакацый, якія палюбіліся жыхарам і гасцям раёна. У такіх мясцінах можна прыгожа пафатаграфавацца, сустрэцца з сябрамі ці проста адпачыць ад паўсядзённай мітусні.

Адміністрацыя раёна і камунальнікі прадаўжаюць паляпшаць гарадское асяроддзе. Нядаўна на цэнтральнай плошчы былі ўстаноўлены арэлі, на якіх любяць гушкацца дзеці і падлеткі. Цяпер кіпіць работа па вуліцы Міцкевіча, дзе для зручнасці і бяспекі пашыраюць тратуарную дарожку. Азеляняльнікі РУП ЖКГ у цяпліцы вырошчваюць саджанцы кветак, каб з надыходам цяпла перасадзіць на клумбы. Пазітыўных прыкладаў можна прыводзіць шмат. Прыемна, калі людзі робяць дабро для сябе, землякоў, гасцей.

На жаль, медаль мае два бакі. У грамадстве ёсць і такія асобы, хто з-за несумленнасці, неадукаванасці або звычкі “рабіць так, каб іншым было кепска” псуе прыгажосць, наведзеную клапатлівымі рукамі. Вясновае сонейка, доўгі дзень, добрае надвор’е паспрыяла таму, што не толькі сумленныя дзятлаўчане, але і падобныя “работнікі”, у якіх “рукі чэшуцца” нешта зламаць, сапсаваць, разбіць, выкруціць, сталі больш часу бавіць на вуліцы.

– За апошнія некалькі тыдняў работнікамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ устаноўлены факты вандалізму на аб’ектах добраўпарадкавання райцэнтра, – расказаў дырэктар камунгаса Васіль Пяцюк. – Так, насупраць магазіна “Санта” на зялёнай зоне, дзе летась высаджвалі дрэўцы з закрытай карнявой сістэмай, два маладыя саджанцы па-зверску зламаныя, а іх кошт складае каля двухсот рублёў.

Па той жа вуліцы Навагрудскай насупраць возера вандалы сапсавалі гірлянду і яе давялося зняць.

Пашкоджана была і гірлянда на арэлях на плошчы райцэнтра: яе нашы работнікі ўжо замянілі. Арэлі мы таксама дэманціравалі – іх будзем удасканальваць і потым зноў прымацуем.

Асаблівую трывогу выклікаў пажар у падвальным памяшканні шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Навагрудскай, 18Л. На шчасце, узгаранне ратаўнікі хутка патушылі, тым самым урон быў мінімізаваны, жыццям і маёмасці людзей нічога не пагражала. Як устаноўлена, небяспечная сітуацыя здарылася з-за таго, што нехта вынес у падвал матрац, на які хуліганы кінулі непатушаную запалку або цыгарэту, што і прывяло да ўзгарання. Падобны ўчынак кваліфікуецца як падпал, адказнасць за яго адпаведная.

Цяпер для высвятлення ўсіх вінаватых ажыццяўляецца вывучэнне запісаў сістэмы відэаназірання. Камунгас звярнуўся з заявай у аддзел унутраных спраў райвыканкама, таму вандалы будуць устаноўлены. Ім, згодна з заканадаўствам, давядзецца пагасіць нанесены ўрон. Калі высветліцца, што гэта непаўналетнія, то адказнасць за свавольствы дзяцей панясуць бацькі.

Як бачым, у гэтым выпадку фраза “ўсё, што робім, – для сябе, землякоў, гасцей” набывае адваротны сэнс і эмацыйную афарбоўку. У вінаватых будуць непрыемнасці, якія яны “зарабілі” ўласнымі ўчынкамі. А ці трэба было траціць сілы на зло, калі можна рабіць дабро?

Даведка

Псаванне маёмасці – гэта яе пашкоджанне, прывядзенне ў непрыдатнасць, змяншэнне кошту, што робіць немагчымым далейшае выкарыстанне без наступнага рамонту, рэстаўрацыі, абнаўлення. Маёмасць у грамадскіх месцах ці на транспарце – гэта сядзенні, парэнчы, лаўкі ў скверах і на прыдамавой тэрыторыі, рэкламныя расцяжкі, урны для смецця, іншае.

На практыцы пры вызначэнні памеру нанесенай шкоды ацэньваецца рыначны кошт выдаткаў на рамонт або замену пашкоджанай маёмасці. Калі ўрон нязначны (артыкул 11.3 КоАП РБ), вінаватага чакае штраф да трыццаці базавых велічыняў. За важкі прадугледжана крымінальная адказнасць па артыкуле 218 КК РБ, а гэта ўжо грамадскія работы, штраф або арышт, а пры сур’ёзных наступствах – пазбаўленне волі.

Падобныя правапарушэнні могуць быць расцэнены і як хуліганства.

Крымінальная адказнасць за яго (артыкул 339 КК РБ), як і адміністрацыйная за дробнае хуліганства (артыкул 19.1 КоАП РБ), надыходзіць з 14 гадоў. Так, крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі прадугледжана за наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца гвалтам ці яго пагрозай або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации