Нядаўна навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алена Ярмоленка стала абсалютнай фіналісткай міжнароднага конкурсу сачыненняў “Без тэрміну даўнасці”, прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Друкуем работу дзяўчыны, якая дапамагла ёй увайсці ў чацвёрку абсалютных фіналістаў конкурсу.

Маленькія героі вялікай вайны

                                         Память, память,

                                         Ты порой тревожно

                                          Бьёшь по нервам, бешено скользя,

                                          Позабыть такое невозможно,

                                          Потому что забывать нельзя.

                                                         Нонна Гросс

Ёсць у гісторыі старонкі, якія цяжка прыняць і асэнсаваць нават праз многія дзесяцігоддзі. Адна з такіх – Вялікая Айчынная вайна. Яна апаліла сваім агнём людскія лёсы, адабрала мільёны жыццяў. Аднак вайна – гэта не толькі чалавечыя ахвяры, страты ў баях, гэта, перш за ўсё, скалечанае дзяцінства. Самымі неабароненымі і ранімымі аказваюцца ў гэты час дзеці.

Дзеці вайны – звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. У іх розныя лёсы, але іх аб’ядноўвае агульная трагедыя – страта цудоўнага свету дзяцінства. Да часу пасталелыя, не па гадах мудрыя і неверагодна стойкія, маленькія героі супрацьстаялі вайне. Іх дзяцінства беззваротна адышло, замест яго прыйшлі боль, пакуты, страта родных і блізкіх. Кволыя дзіцячыя душы вайна сціснула стальнымі абцугамі, параніла і скалечыла. Вайна – страшнае слова, якое палохае. Яна цяжкае выпрабаванне для ўсяго народа. Патрыятызм і адчайная адвага дзяцей у час Вялікай Айчыннай вайны назаўжды застануцца ў памяці нашага народа.

Ліхалецце вайны закранула і маіх землякоў, жыхароў Дзятлаўскага раёна. Пра лёсы дзяцей вайны, жыццё ў тыя страшэнныя гады маленькіх сведкаў фашысцкіх зладзействаў на Дзятлаўшчыне я хачу расказаць у сваім сачыненні.

За пяць дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Наваельню, якая славілася сасновым водарам і маляўнічай прыродай, прыехала група дзяцей палітэмігрантаў. У будынку Новаяльнянскай сярэдняй школы летам 1941 года быў арганізаваны піянерскі лагер. Звонкі, радасны смех дзятвы напоўніў школьныя калідоры. Шчаслівыя дзеці атрымлівалі асалоду ад спеваў птушак і пяшчотнага сонейка. Аднак 22 чэрвеня 1941 года вайна разам абарвала іх адпачынак. У Наваельню немцы ўварваліся на сёмы дзень вайны, выгналі дзяцей з лагера. Самых маленькіх забралі да сябе жыхары Наваельні, навакольных вёсак і хутароў. Некаторыя з адпачывальнікаў пайшлі на ўсход. Для астатніх, якія засталіся ў Наваельні, у пустой нежылой хаце быў арганізаваны своеасаблівы прытулак. Праўда, мясцовыя ўлады стварылі яго не дзеля выратавання дзяцей, а для падрыхтоўкі донараў і працоўнай сілы для Германіі. Адны, нікому не патрэбныя ў чужым краі, дзеці пачалі барацьбу за жыццё.

Вясной 1943 года фашысты прывезлі на станцыю Наваельня дзяцей з Чырвонага Сяла пад Ленінградам. Разам з імі ў Дзятлава прыбыла і выхавальніца Валянціна Рыгораўна Кеп. Хутка іх “сям’я” папоўнілася: да яе далучыліся дзеці палітэмігрантаў з Наваельні, якія аказаліся на акупіраванай тэрыторыі ў першыя тыдні вайны. Тут, на Дзятлаўскай зямлі, аб’ядналіся два прытулкі. Кіраўніцтва на сябе ўзяла Валянціна Кеп. Бяда пасябравала насельнікаў, надаючы ім сілы для барацьбы з выпрабаваннямі, якія выпалі на долю. Потым прыбылі дзеці з Лепеля, а з імі прыйшла і бяда – эпідэмія шкарлятыны. Выхаванцы прытулка гінулі адзін за адным. Даводзілася рабіць маленькія труны для астанкаў двух, а то і трох дзяцей. Гэта была самая страшная бяда з часоў стварэння дзіцячага дома. Каля сямідзесяці дзяцей выратаваць не ўдалося.

Няўдачы на фронце, якія спасцігалі фашыстаў пасля Курскай бітвы, рабілі іх яшчэ больш бесчалавечнымі ў адносінах да мірнага насельніцтва. Так, у прытулак імі спецыяльна былі засланы дзеці, хворыя на тыф, шкарлятыну, адзёр. Многіх выратаваць не ўдалося. Дзеці згаралі, як свечкі. Жыхары пасёлка, партызаны і падпольшчыкі стараліся дапамагчы прытулку, але голад, холад і хваробы забіралі жыцці яго насельнікаў.

У сакавіку 1944 года прытулак перавялі ў Вензавецкае лясніцтва, дзе дзяцей зрабілі жывой заслонай у барацьбе з партызанамі. Іх зноў апаліла вайна. За дзень да вызвалення раёна больш за 200 выхаванцаў загрузілі ў таварныя вагоны і павезлі, каб выкарыстоўваць як прыкрыццё. “Калі савецкія лётчыкі пачыналі бамбіць састаў, немцы выганялі дзяцей на вуліцу, і нашы, убачыўшы іх, спынялі агонь”, – расказвала кіраўнік музея “Дзеці ліхалецця”. Гэтыя вагоны прычаплялі то да аднаго, то да другога саставу, надоўга пакідалі ў тупіках. Два месяцы хлопчыкі і дзяўчынкі былі жывым шчытом. У Наваельні захоўваецца дзённік Насці Сакаловай з пералікам станцый, праз якія праходзіў цягнік: толькі Будапешт яны праязджалі чатыры разы! У Закарпацці фашысты адчапілі вагон з дзецьмі. У лесе іх знайшлі савецкія разведчыкі.

Астатніх выхаванцаў, якіх не паспелі забраць фашысты, Валянціна Кеп павяла ў бок фронту, які набліжаўся.

Памяць пра вайну не сціраецца і не мутнее з гадамі. Валянціна Рыгораўна Кеп памерла ў 1945 годзе. Пахавалі яе побач з дзецьмі ў Дзятлаве. Праз сорак гадоў выхаванцы, якія выжылі, устанавілі мемарыял на гэтай магіле. Гранітныя пліты ў чатыры рады, дзве стэлы. На адной з іх – маленькія бронзавыя фігуркі, якія прыціснуліся да жанчыны. Яны хаваюцца не ад восеньскага ветру і дажджу, а ад смерці.

Можна шмат гаварыць пра дзяцей вайны, іх дзяцінства, якога не было. Можна прывесці не адзін прыклад мужнасці нашых равеснікаў. Аднак я лічу, што і гэтага будзе дастаткова, каб паказаць тое, праз што ім давялося прайсці. Восемдзесят гадоў аддзяляе нас ад тых страшных падзей. Памяць – наша гісторыя. У Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук створаны музей “Дзеці ліхалецця”. Сёння ў экспазіцыі музея прадстаўлены спіс дзяцей з Чырванасельскага прытулка і дзяцей палітэмігрантаў. З 300 імёнаў выхаванцаў удалося ўстанавіць 72, але і гэта пры адсутнасці пісьмовых крыніц вельмі шмат.

Цяпер у нас чыстае неба над галавой. Паўнацэннае добрае жыццё. Поўная ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Бесклапотнае і шчаслівае дзяцінства. Спакойная і годная старасць. Час усё больш і больш аддаляе нас ад страшнай людской трагедыі, але дарослыя і дзеці, якія прайшлі вайну, былі і заўжды будуць гонарам нашай краіны. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации