На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны хадайніцтвы двух каледжаў па вырашэнні пытанняў аб магчымасці адлічэння з вучобы дзятлаўчан, прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў дзяцей у сем’ях, дзе маецца запазычанасць па аплаце камунальных паслуг, праведзена размова з маці, якая вярнула бацькоўскія правы на сына, у ненадзейнай сям’і, дзе сітуацыя пагоршылася, маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнана дзяўчынка-школьніца. 

Не тая ўстанова, не тая прафесія

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прыйшлі два хадайніцтвы з розных каледжаў па вырашэнні пытанняў аб магчымасці адлічэння з вучобы непаўналетніх дзятлаўчан.

Першая сур’ёзная размова адбылася з дзяўчынай, якая засталася без апекі бацькоў, і гэту ролю ажыццяўляла навучальная ўстанова. Як стала вядома, юная жыхарка Дзятлаўскага раёна неатэставана па некалькіх дысцыплінах і прадметах, яна дапусціла шмат пропускаў без уважлівых прычын. Работа па выпраўленні сітуацыі праводзілася, аднак навучэнка настойвае на адлічэнні, тлумачыць сваю просьбу тым, што спецыяльнасць ёй не падабаецца, а паступіць пераканала бабуля. Апошнім часам наша юная зямлячка падманвала адміністрацыю каледжа, што хварэе і знаходзіцца на спраўцы, аднак па дапамогу да медыкаў не звярталася, адпаведна колькасць прапушчаных гадзін толькі павялічылася.

Члены камісіі папярэдзілі дзяўчыну, што пры адлічэнні яна трапіць у сацыяльны прытулак, бо знаходзіцца без апекі бацькоў, аднак і гэта не памяняла яе поглядаў. Рашэнне аб адлічэнні было прынята.

Станоўчым яно аказалася і для яшчэ аднаго дзятлаўчаніна, які таксама расчараваўся ў выбранай спецыяльнасці. Хлопец назапасіў шмат пропускаў і неаднаразова прасіў маці забраць дакументы. Яго сітуацыя ўскладнена тым, што і ў школе не праяўляў асаблівай цікавасці да вучобы, яшчэ былі праблемы з паводзінамі, з-за чаго з падлеткам ажыццяўлялася індывідуальная прафілактычная работа. Паколькі для далейшага навучання ён вернецца ў былы клас, члены камісіі настойліва параілі будучаму школьніку рэгулярна хадзіць на заняткі і падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі і педагогаў.

Аб магчымых наступствах абыякавых адносінаў да вучобы ў школе папярэджана маці непаўналетняга.

Дзеці павінны гадавацца ў спрыяльных умовах

З Дзятлаўскага РУП ЖКГ у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама паступіў спіс сем’яў, дзе гадуюцца дзеці і ёсць значная запазычанасць па аплаце камунальных паслуг. Спачатку ён налічваў дзесяць абанентаў-даўжнікоў, аднак многія, даведаўшыся аб праблеме, паспяшаліся ўнесці аплату, таму на сустрэчу з камісіяй былі запрошаны “злосныя” неплацельшчыкі.

Нягледзячы на адносна невялікую суму асноўнай няўплаты, больш за дзесяць тысяч рублёў складае пеня ў шматдзетнай маці, якая то аплачвала выгоды цывілізацыі, то рабіла перапынак у пагашэнні запазычанасці на некалькі месяцаў. На пасяджэнні камісіі жанчына расказала, што патрохі пагашае асноўную пазыку, а пеню пры поўнай аплаце папрасіла спісаць. Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, які таксама прысутнічаў пры разглядзе тэмы, патлумачыў, што падобнае рашэнне прымаецца праз суд пры наяўнасці важкіх прычын. Паколькі цяпер жанчына адна гадуе дзяцей, хутчэй за ўсё яно будзе станоўчым. Аднак педагогі расказалі, што ў гэтай сям’і праводзіцца яшчэ і сацыяльнае расследаванне наконт выяўлення крытэрыяў і паказчыкаў сямейнага недабрабыту. Якія будуць яго вынікі і наступствы – пакажа час, а пакуль жанчыну папярэдзілі, што поўную аплату асноўнай запазычанасці яна павінна ажыццявіць да 11 красавіка, тады, магчыма, зможа пазбавіцца ад пені.

Яшчэ ў адной неплацельшчыцы ўтварылася запазычанасць больш за дзве тысячы па асноўным плацяжы і столькі ж пені. Яна жыве з сужыцелем у іншым населеным пункце, некаторы час проста не ўносіла аплату за сваю кватэру, дзе ўжо адключана электрычнасць. Нядаўна паміж сужыцелямі ўзнік канфлікт з выклікам міліцыі, пасля якога было пачата сацыяльнае расследаванне. Сям’я гэтая раней неаднаразова прызнавалася ненадзейнай, было і адабранне дзяцей. Цяпер непаўналетняй засталася адна дачка, якая вучыцца ў каледжы, зрэдку прыязджае на выхадныя ў кватэру без электрычнасці. Паколькі ў час сацыяльнага расследавання выяўлены крытэрыі і паказчыкі недабрабыту, дзяўчыну прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Маці папярэдзілі, што пры адсутнасці аплаты да 11 красавіка ў кватэры могуць быць адключаны іншыя выгоды, а пры пагаршэнні сітуацыі ў далейшым сям’ю ўвогуле могуць перасяліць у менш камфортнае жыллё. Як варыянт, жанчыне прапанавалі напісаць заяву наймальніку для адлічэння на карысць камунгаса часткі заработнай платы, што яна і паабяцала зрабіць у бліжэйшы час.

Яшчэ адна неплацельшчыца не прыйшла на пасяджэнне камісіі, аднак стала вядома, што яна пагасіла частку пазыкі і паабяцала камунальнікам своечасова зрабіць гэта поўнасцю.

Сям’я будзе знаходзіцца на суправаджэнні

Змяніць сваё жыццё да лепшага змагла жанчына, якая раней была пазбаўлена правоў на сына. Хлопчык гадаваўся ў бабулі, пакуль маці станавілася на правільны шлях.

Цяпер у жанчыны двое дзяцей: судом прынята станоўчае рашэнне па аднаўленні бацькоўскіх правоў на сына, і нядаўна нарадзілася дачка. Да водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў маці працавала ў гаспадарцы, характарызавалася ў наймальніка пазітыўна. Для непаўналетніх яна стварыла спрыяльныя ўмовы, дзецям набыта ўсё неабходнае. Тым не менш члены камісіі не толькі падбадзёрылі матулю, але і расказалі ёй, што на працягу шасці месяцаў сям’я будзе знаходзіцца на суправаджэнні. Службы прафілактыкі будуць кантраляваць сітуацыю і аказваць педагагічную, псіхалагічную, інфармацыйную падтрымку маці, якая змагла пераадолець няпросты перыяд у жыцці. 

Дарослыя павінны рашыць свае праблемы

Сітуацыя ў гэтай сям’і ўжо аналізавалася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, аднак размова з бацькамі дзяўчынкі-школьніцы пазітыўных вынікаў не дала.

Дарослыя раней праходзілі праз прызнанне дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, а таксама працэдуру адабрання, праўда, гэта іх мала чаму навучыла. У маці і раней былі сур’ёзныя праблемы з алкаголем, аднак пасля лячэння, каб самой гадаваць дачку, жанчына здолела ўзяць сябе ў рукі. Яе сіла волі сур’ёзна пахіснулася, калі муж завёў адносіны з іншай жанчынай. Яны сварыліся і мірыліся, а цяпер жывуць паасобку. Жанчына “залівае гора” алкаголем, а заложніцай сітуацыі стала дзяўчынка. Спецыялісты службаў прафілактыкі неаднаразова заставалі яе з нецвярозай маці і перадавалі бацьку. На жаль, у яго па месцы жыхарства няма для дачкі ні патрэбных рэчаў, ні спрыяльных умоваў. Непаўналетняй штораніцы даводзілася перад школай забягаць дамоў, каб прывесці сябе ў парадак. З-за няпростай сітуацыі ў яе пачаліся праблемы са здароўем.

Члены камісіі аднагалосна прынялі рашэнне, што дзіця пакутаваць ад праблем даросых не павінна: дзяўчынка адабрана ў бацькоў і будзе знаходзіцца ў сацыяльным прытулку. У мужа і жонкі ёсць шэсць месяцаў на выпраўленне сітуацыі і прыняцце канчатковага рашэння: што ім даражэй – прыгоды і п’янкі ці сямейны лад і дачка.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации