Сёння, 31 сакавіка, спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мастака-кераміста, скульптара і жывапісца, члена Беларускага саюза мастакоў Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага.

Гэта знакамітая дата не толькі для яго сям’і і сяброў, але і для ўсёй Дзятлаўшчыны, якую майстар лічыў сваёй малой радзімай. Хаця нарадзіўся Мікалай Лаўрэнцьевіч у 1931 годзе ў вёсцы Бацюты на Беласточчыне, у 1945 годзе яго сям’я пераехала ў Дзятлава. Тут прайшлі яго юнацкія гады, тут зрабіў першыя крокі ў прафесію і тут, паводле яго запавету, знайшоў свой апошні спачын.

Лёс Мікалая Несцярэўскага – прыклад неверагоднай працавітасці і таленту. У пасляваенным Дзятлаве, дзе трэба было выжываць і аднаўляць усё з нуля, ён з ранніх гадоў пачаў працаваць: быў вучнем сталяра ў арцелі «Чырвоны Кастрычнік», потым самастойна вырабляў мэблю. Але душа мастака патрабавала іншага. Ён вучыўся ў вячэрняй школе, а вольны час прысвячаў самадзейнасці: стаў інструктарам у раённым Доме культуры, дзе арганізаваў духавы аркестр, выдатна спяваў, іграў на трубе і акардэоне.

Атрымаўшы адукацыю ў Гродзенскім культасветвучылішчы, Мікалай Несцярэўскі працаваў настаўнікам малявання, чарчэння і працы ў Дзятлаўскай СШ, затым – мастаком на Івянецкай фабрыцы керамікі і вышыўкі. Але галоўны ўзлёт адбыўся пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1969), дзе ён вучыўся ў знакамітых майстроў.

Да самай пенсіі Мікалай Лаўрэнцьевіч працаваў мастаком-керамістам на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце. І менавіта кераміка стала сэнсам яго жыцця.

Вы, напэўна, бачылі работы Мікалая Несцярэўскага, нават не ведаючы яго імя. Самая вядомая яго праца – дэкаратыўныя керамічныя пласты, якія ўпрыгожваюць калоны станцыі мінскага метро «Плошча Якуба Коласа». Залацістая кераміка са стылізаванымі малюнкамі народнага побыту: ураджай, купальскія забавы ля вогнішча, вяселле – гэта стварала цэлая аўтарская група, сярод якой быў і Несцярэўскі.

Асаблівы гонар – тое, што Мікалай Лаўрэнцьевіч выканаў узоры капітэляў, пілястраў, кранштэйнаў і разетак для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1995). А бронзавы барэльеф з выявай Сімона Балівара, падораны Прэзідэнтам Беларусі Уга Чавесу падчас візіту ў Венесуэлу, таксама створаны рукой Несцярэўскага.

Мікалай Несцярэўскі мог прадаць свае творы, яны і сёння каштуюць нямала. Але ён паступіў як сапраўдны патрыёт. Пачынаючы з 1991 года, мастак перадаў у фонд Дзятлаўскага музея некалькі соцень сваіх работ! Яго спыталі: «Навошта аддаваць, калі можна выгадна прадаць?». Ён адказаў: «Не ўсё трымаецца на матэрыяльных каштоўнасцях. Я ведаю: мае работы ў добрых руках, яны радуюць і натхняюць маіх землякоў. І гэта галоўнае».

У фондах музея ёсць дзясяткі керамічных скульптур: фігуркі людзей, звяроў, вазы розных формаў, маскі, якія адлюстроўваюць розныя пачуцці. Асобны блок – гістарычная тэма: унікальная калекцыя партрэтаў-барэльефаў князёў Вялікага Княства Літоўскага, каралёў Рэчы Паспалітай, дзеячаў Адраджэння і сучасных навукоўцаў.

Калі Мікалай Лаўрэнцьевіч пайшоў на пенсію, ён адкрыў у сабе яшчэ адну грань — жывапіс. Яго палотны – гэта ўлюблёнасць у беларускую прыроду. «Асабліва люблю маляваць начныя пейзажы, – прызнаваўся майстар. – У іх ёсць нешта містычнае і таямнічае». А вось самым дарагім творам ён лічыў партрэт маці, куды ўклаў усю сваю любоў і павагу.

Сярод яго жывапісных работ – «Вечар на рацэ Моўчадзь», «Бабуліна хата», «На радзіме». Асабліва цікавая карціна «Якуб Колас з дзятлаўчанамі». Народны паэт прыязджаў у Дзятлава ў 1954 годзе.

Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі сышоў з жыцця 25 сакавіка 2021 года, не дажыўшы ўсяго некалькі дзён да свайго 90-годдзя. Пахаваны ён у Дзятлаве.

Яго творчасць адзначана медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў, а творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, а таксама ў музеях за межамі Беларусі і ў многіх прыватных калекцыях.

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей з гонарам захоўвае самую вялікую калекцыю твораў майстра, а пастаянная выстава керамікі Мікалая Несцярэўскага з’яўляецца адной з галоўных каштоўнасцей музейнай экспазіцыі.

Сёння, у дзень 95-годдзя з дня нараджэння Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага, запрашаем вас наведаць пастаянную выставу яго работ у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Каб убачыць, пачуць цяпло абпаленай гліны і дакрануцца да свету, які стварыў чалавек-легенда. Бо, як любіў казаць сам майстар: «Я яшчэ не ўсё зрабіў…» – і яго творы працягваюць гаварыць з намі сёння.

З 9 красавіка ў нашых сценах пачне працу абноўленая выстава работ знакамітага земляка. Гэта ўнікальная магчымасць не толькі ўбачыць шэдэўры керамікі, якія доўгі час захоўваліся ў фондах, але і пазнаёміцца з малавядомымі жывапіснымі палотнамі майстра.

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации