Скарбонка ўзнагарод Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў папоўнілася чарговымі перамогамі абласнога ўзроўню.

Сафія Трошына, навучэнка 5 класа філіяла № 1 аграгарадка Гезгалы вынікова прыняла ўдзел у абласным адкрытым фестывалі фартэпіяннай музыкі “Лідская элегія”, які праводзіўся ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы. Сярод 59 таленавітых навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ мастацтваў з усёй вобласці выступленне нашай зямлячкі адзначана дыпломам лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Фартэпіяна (сола)”. Сафія займаецца ў класе настаўніцы Таццяны Царук.

У Гродзенскім музычным каледжы прайшоў абласны адкрыты конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне “Юны віртуоз”. У ім спаборнічалі больш за 60 удзельнікаў з усяго Гродзенскага рэгіёна. Юная дзятлаўская баяністка Ангеліна Ванчук удастоена дыплома лаўрэата ІІІ ступені. Падрыхтавала дзяўчынку да выступлення педагог Наталля Лішык.
У скарбонцы таленавітых вучаніц гэта не першая перамога ў конкурсах абласнога ўзроўню. Спыняцца на дасягнутым дзеці і педагогі не збіраюцца, наперадзе шмат планаў. Ужо цяпер актыўна вядзецца падрыхтоўка да XXX абласнога адкрытага конкурсу імя Канстанціна Горскага, які пройдзе ў красавіку ў горадзе Лідзе.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота прадастаўлены Дзятлаўскай дзіцячай школай мастацтваў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае