Cупрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі наведалі cярэднюю школу №3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Сустрэча была прысвечана адной з самых балючых старонак нашай гісторыі – трагедыі спаленых вёсак. Гісторыка-патрыятычны час пад назвай “Сумны набат Хатыні” стаў для вучняў 11 класа не проста ўрокам мінулага, а шчырым напамінам пра тое, як важна берагчы мір і шанаваць подзвіг свайго народа. Падчас сустрэчы бібліятэкар нагадала, што хатынскі звон, які раздаецца над былымі вуліцамі кожныя 30 секунд – гэта не проста мелодыя, а вечны напамін аб сотнях спаленых вёсак і мільёнах ахвяр. Вучні праслухалі гісторыю адзінага дарослага сведкі тых падзей – Іосіфа Камінскага, які стаў прататыпам знакамітага помніка “Няскораны чалавек”.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на трагедыі нашага роднага краю. Дзятлаўшчына – гэта зямля, якая моцна пацярпела ад фашысцкага тэрору. Сапраўдным болем у сэрцах прысутных адгукнуліся назвы вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні: Дубраўка, Вялікая Воля, Гарадкі, Трахімавічы, Дубароўшчына і іншыя. Многія з гэтых населеных пунктаў так і не адрадзіліся пасля вайны. Вучні з хваляваннем слухалі пра тое, як у полымі гінулі цэлыя сем’і, як нішчылася мірнае жыццё нашых землякоў.
Да мерапрыемства была аформлена наглядная выстава-напамін “Хатынь … МЫ ПОМНІМ!”. Мерапрыемства стала шчырым дыялогам паміж мінулым і будучыняй, напамінам аб тым, што мы не маем права забываць.

Святлана МАГЕРА,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga