Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рамках Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” адбылася ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.



Галоўнымі героямі яе сталі дзевятнаццаць 14-гадовых навучэнцаў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Усе яны маладыя людзі, здольныя павесці за сабой, заразіць энтузіязмам, пазітывам, імкненнем рабіць карысныя справы і ўкараняць новыя ідэі. Падтрымаць іх прыйшлі прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў. Удзел у мерапрыемстве прыняла інспектар аддзела па рабоце з прафсаюзнымі арганізацыямі Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Святлана Скабелка.



Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Паважаныя ўдзельніка акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”, віншую вас з надыходзячым Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – адным з галоўных дзяржаўных святаў нашай краіны. Канстытуцыя для нас стала тым надзейным компасам, які вядзе нашу Беларусь па шляху міру і стварэння. Яна аб’ядноўвае ў сабе шматвяковы вопыт і традыцыі беларускага народа, з’яўляючыся надзейным падмуркам, на якім будуецца сённяшняе і будучае нашай краіны. Абапіраючыся на гэты трывалы падмурак, Беларусь дастойна прайшла праз многія іспыты, захаваўшы пры гэтым адзінства і незалежнасць. Галоўная мэта акцыі – нагадаць нам: Беларусь – гэта мы, нашы агульныя мары, перамогі і адказнасць. Дарагія дзеці, сёння вы робіце крок у дарослае жыццё, разам з пашпартам прымаеце на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, захаванне міру і згоды на нашай роднай зямлі. Упэўнены, што вы станеце дастойнымі грамадзянамі Беларусі, будзеце шанаваць яе законы, берагчы гісторыю і павялічваць яе багацці. Няхай пачуццё гонару за сваю краіну заўсёды жыве ў вашых маладых сэрцах.

Аляксандр Станіслававіч уручыў пашпарты Карыне Хоміч, Маргарыце Конан, Мацвею Гоману, Мікіту Жыгалу, Міхаілу Дрогу, Антону Анішчыку, Ганне Сідорчык, Арыне Грыб.










Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго павіншаваў маладых людзей ад сябе асабіста і супрацоўнікаў пракуратуры са знамянальным днём у іх жыцці і пажадаў удачы ў вучобе і жыцці, моцнага здароўя, добрага шляху ў дарослае жыццё, а таксама нагадаў школьнікам:

– Атрымаўшы пашпарт, вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны, несяце правы і абавязкі, якія замацаваны Асноўным Законам Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыяй. Вы не проста знаходзіцеся пад абаронай нашай дзяржавы, на вас накладваецца вялікая адказнасць па выкананні яе законаў.

Ён уручыў першы галоўны дакумент Марыі Бойка, Мацвею Кедзіку, Соф’і Шымко, Віялеце Юркевіч, Даніілу Лябецкаму, Паліне Ёда.





Пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Арсенію Венскаму, Анастасіі Адамчык, Ксеніі Дайліда, Ганне Грышук, Анастасіі Кавальчук уручыў начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага равыканкама Вадзім Шчурскі.








Святлана Скабелка ў сваім віншавальным слове пажадала юным дзятлаўчанам упэўнена ісці па жыццёвым шляху, атрымоўваць адукацыю і асвойваць прафесіі, быць патрыётамі сваёй зямлі, паважаць законы нашай дзяржавы і быць гатовымі несці адказнасць за свае ўчынкі. Яна ўручыла памятныя сувеніры як напамін пра такую важную падзею ў іх жыцці.

З атрыманнем пашпартоў маладых людзей павіншавала і пажадала поспехаў у вучобе, творчасці і жыцці першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.



Ад імя моладзі навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Марыя Бойка паабяцала, што яны сваёй вучобай, справамі, працай будуць умацоўваць аўтарытэт і добрае імя Дзятлаўшчыны, будуць дастойнымі памяці дзядоў і прадзедаў, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць нашай Радзімы, усе свае веды і сілы аддадуць на тое, каб стаць сапраўднымі гаспадарамі беларускай зямлі.

Кожны са школьнікаў па традыцыі атрымаў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, падарачнае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” ад раённай арганізацыі ГА “БРСМ” і памятныя сувеніры ад раённага савета ветэранаў.

Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае