Прафілактыка пажараў, рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, кантроль за станам на фермах, падрыхтоўка да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, работа эканомікі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Тэхніку – на тэхагляд

Галоўнай тэмай абласной, а пасля і раённай нарады стала падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да вясновых палявых работ.

Увогуле падрыхтоўка ідзе актыўна. У дзятлаўскіх гаспадарках у наяўнасці 302 трактары, 267 з іх гатовыя да выхаду ў палі. З 70 плугоў падрыхтаваны 58; з 25 машын для ўнясення арганікі – 19, з 35 для мінеральных угнаенняў – 24; з 20 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 15; з 19 пратручвальнікаў насення – 17; з 5 зерневых сеялак – 4; з 39 апырсквальнікаў – 28 і іншыя.

Старшыня райвыканкама нацэліў кіраўнікоў дзятлаўскіх сельгаспрадпрыемстваў на адказную работу і надалей. У КСУПах “Войневічы” і “Жукоўшчына” незавершаны рамонт дзвюх машын ROSA.

– Ранняй вясной яшчэ не паспявае сысці снег, а ROSA на шынах-абалонках звышнізкага ціску прыступае да падкормкі азімых культур. Яна будзе выкарыстоўвацца практычна ўвесь аграрны сезон да восені. Гэта памочнік, які павінен быць “у страі” абавязкова, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – У СГФ “АграМілк” неабходна тэрмінова завяршыць рамонт энерганасычанага трактара. На гэтых магутных і шматфункцыянальных машынах выконваецца велізарны аб’ём палявых работ. Важна актывізавацца па падрыхтоўцы культыватараў, пасяўных агрэгатаў, паколькі іх рамонт – працаёмкі працэс.

На мінулым тыдні ў некаторых гаспадарках раёна прайшоў першы этап тэхаглядаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Лепшым з правераных аказалася ААТ “Граніт-Агра” – 38 % тэхнікі атрымалі дазвол. Гэтымі днямі тэхагляд пройдзе ў “Хвінявічах”, “Жукоўшчыне”, “РоданАграПол”. Другі этап тэхагляду запланаваны на перыяд з 20 па 27 лютага.

Нізкі тэмп назапашвання ўгнаенняў адзначаны ў сельгаспрадпрыемствах “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра”, “Хвінявічы”. Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка патлумачыў, што ў гэтых гаспадарках ішла вывазка арганікі, і запэўніў кіраўніка раёна, што на бягучым тыдні яны наросцяць тэмп назапашвання мінеральных угнаенняў.

Сур’ёзны мінус па вытворчасці малака гэтымі днямі паказвае СГФ “АграМілк”. Сітуацыя ўзята на кантроль і штодзённы аналіз.

Нарасцілі экспарт

Эканоміка раёна па выніках 11 месяцаў 2025 года спрацавала годна.

Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, гадавыя лічбы будуць вызначаны напрыканцы лютага, аднак ужо вядома, што па выніках 11 месяцаў па тэмпах росту экспарту тавараў Дзятлаўшчына знаходзіцца на трэцім месцы ў вобласці (129,4 % да ўзроўню мінулага года), а па экспарце паслуг – на чацвёртым (123,3 %). Звыш 70 % тавараў нашых вытворцаў экспартуюцца ў Расійскую Федэрацыю.

Таксама Вольга Антонаўна анансавала, што 12 лютага ў райвыканкаме пройдзе сустрэча спецыялістаў аддзела эканомікі райвыканкама, прадстаўнікоў Дзятлаўскага райЦГЭ і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на Дзятлаўшчыне, у прыватнасці, у сельскай мясцовасці. Ім растлумачаць ільготныя магчымасці ў гандлёвай сферы, раскажуць пра тыповыя парушэнні санітарных нормаў. 

Гатавала чароўны напой

На мінулым тыдні з мэтай пошуку грамадзяніна, які парушыў правапарадак, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама наведаліся ў адзін з вясковых дамоў. Выпадкова каля іншай кватэры адчулі спецыфічны пах. Дзверы адчыніла гаспадыня. 72-гадовая жанчына жыве адна, у гэты момант на пліце яна варыла самагон. У яе канфіскавалі 9 літраў самагону, 70 літраў брагі і сам апарат. Праводзіцца праверка.

Таксама на мінулым тыдні затрыманы жыхар нашага раёна, які з 2021 па 2026 год займаўся экстрэмісцкай дзейнасцю. Пакаранне мужчыну вызначыць суд.

Адбылося выязное пасяджэнне суда па накіраванні трох дзятлаўчан у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации